Сяргея Ціханоўскага выпусцілі з ШІЗА, дзе ён правёў два месяцы
Святлана Ціханоўская з партрэтам Сяргея / https://www.facebook.com/S.Tsikhanouskaya/
Сяргея Ціханоўскага выпусцілі з ШІЗА, дзе ён правёў два месяцы, піша @strana_turma. У яго зноў з'явілася магчымасць атрымліваць і адпраўляць лісты.
"Пасля доўгіх нягодаў разумееш, як гэта добра — пакаёвая тэмпература, — піша палітвязень. — А кубак кавы "Старбакс" — гэта нешта неверагоднае! Тонкі турэмны матрац з ануч, раскладзены на жалезных нарах, здаецца пуховай пярынай, а турэмная камера — футбольным полем. На вуліцы падчас прагулкі нават закружылася галава… Дзякуй усім беларусам, маёй жонцы, замежным палітыкам, Amnesty International і ўсім іншым, хто падтрымліваў!".
Ціханоўскі — блогер, які ў 2020 годзе хацеў балатавацца ў прэзідэнты Беларусі, але яго да выбараў не дапусцілі (тады вылучыла сваю кандыдатуру Святлана Ціханоўская). Ён знаходзіцца за кратамі з канца траўня 2020-га. У снежні 2021-га Сяргей Ціханоўскі быў асуджаны на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму (яго прызналі вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў "арганізацыі масавых беспарадкаў" і "перашкаджэнні ажыццяўленню выбарчых правоў"). Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
У следчую турму №8 у Жодзіне Ціханоўскага этапавалі 18 жніўня ў яго дзень народзінаў з калоніі №15 у Магілёве (яго перавялі на турэмны рэжым тэрмінам на 3 гады). І адразу ж адправілі ў штрафны ізалятар.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.