Сын уразіў Аляксандра Лукашэнку аповедам пра даркнэт
Аляксандр Лукашэнка на канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам у Мінску / Еўрарадыё
3 верасня на канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам у Мінску Аляксандр Лукашэнка шмат гаварыў пра інтэрнэт. Спачатку ён назваў інтэрнэт вялікай цацкай: маўляў, стварылі яе і "цяпер не ведаем, што з ёй рабіць". "Трэба было падумаць пра тое, а што можа дрэннага чалавецтву прынесці інтэрнэт", — сказаў Лукашэнка. І дадаў, што праз сеціва тэрарысты вярбуюць саўдзельнікаў, а моцныя гэтага свету шпіёняць адно за адным.
Далей Лукашэнка расказаў пра размову з сынам раніцай перад канферэнцыяй, калі ён перачытваў тэкст свайго выступу. "Чытаю там: "даркнэт, "цёмнае сеціва". Снедаем з малым маім, 15 гадоў. Я ў яго пытаюся: "Мікалай, што такое даркнэт?" Ён мяне ўразіў. Ён мне па паліцах расклаў тое, што я наогул не чуў! Мне здавалася, што ён наогул далёкі ад гэтага. А ён гэта ведае лепш, чым я".
"Ніхто з вас не папракне мяне, што мы хоць у нечым абмежавалі інтэрнэт у Беларусі. Хаця трэба было б", — дадаў Лукашэнка.
Міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню "Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзнікаючых тэхналогій" праходзіць у Мінску 3-4 верасня. На ёй сабраліся прадстаўнікі 55 дзяржаў, прысутнічаюць дэлегацыі ААН, АБСЕ, Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі, Інтэрпола, АДКБ, ШАС і іншых арганізацый.
Даркнэт — гэта схаваная сетка інтэрнэт-злучэнняў. Яна існуе паралельна са "звычайным" інтэрнэтам. Даркнэт ананімны, злучэнні ўсталёўваюцца па нестандартных пратаколах, а ўся інфармацыя шыфруецца.