"Сёння іх пакуты скончыліся" — Байдэн пракаментаваў абмен зняволеных

Пол Уілан і Эван Гершковіч

Пол Уілан і Эван Гершковіч / Reuters

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пракаментаваў маштабны абмен зняволенымі паміж Захадам і Расіяй, які адбыўся 1 жніўня ў Турцыі. "Сёння тры грамадзяніны ЗША і адзін уладальнік амерыканскай грын-карты, якія былі несправядліва заключаны ў турмы ў Расіі, нарэшце вяртаюцца дадому: Пол Уілан, Эван Гершковіч, Алсу Курмашава і Уладзімір Кара-Мурза, — гаворыцца ў яго заяве. — Здзелка, якая забяспечыла іх свабоду, была дасягненнем дыпламатыі. Усяго мы дамовіліся пра вызваленне 16 чалавек з Расіі, уключаючы пецярых немцаў і семярых расійскіх грамадзян, якія былі палітычнымі зняволенымі ў сваёй краіне. Некаторыя з гэтых жанчын і мужчын несправядліва ўтрымліваліся на працягу многіх гадоў. Усе яны перажылі няўяўныя пакуты і нявызначанасць. Сёння іх пакуты скончыліся".

Байдэн удзячны саюзнікам Злучаных Штатаў, "якія падтрымлівалі нас на працягу складаных і цяжкіх перамоваў для дасягнення гэтага выніку". Ён згадаў Германію, Польшчу, Славенію, Нарвегію і Турцыю.

"Мы памятаем усіх тых, хто ўсё яшчэ несправядліва затрыманы або ўтрымліваецца ў закладніках па ўсім свеце, — гаворыцца ў заяве амерыканскага прэзідэнта. — І мы пацвярджаем наша абяцанне іх сем'ям: мы бачым вас! Мы з вамі! І мы ніколі не спынім працаваць, каб вярнуць вашых блізкіх дадому!".

У выніку згаданага абмену ў Германію вернецца асуджаны ў Беларусі на смяротнае пакаранне і памілаваны немец Рыка Крыгер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі