Сёння пачынаецца перадвыбарчая агітацыя за кандыдатаў у прэзідэнты
Ад сёння, 11 верасня, у Беларусі пачынаецца перадвыбарчая агітацыя за кандыдатаў у прэзідэнты. Нагадаем, што напярэдадні Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў чатырох кандыдатаў — Сяргея Гайдукевіча, Таццяну Караткевіч, Аляксандра Лукашэнку, Мікалая Улаховіча.
Кандыдаты ад сёння змогуць разгарнуць свае перадвыбарчыя пікеты, а таксама расклеіць плакаты і ўлёткі ў вызначаных паводле заканадаўства месцах. Друкаваную агітацыйную прадукцыю можна будзе размяшчаць на ўсталяваных мясцовымі ўладамі стэндах, на інфармацыйных дошках ва ўстановах аховы здароўя і адукацыі, у арганізацыях — з дазволу іх кіраўнікоў, а таксама на інфармацыйных стэндах каля пад’ездаў жылых дамоў.
Пікеты і мітынгі ў падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты можна праводзіць у заяўным парадку ў любых прыдатных для гэтага месцах. Таксама прэтэндэнты на пасаду кіраўніка краіны могуць арганізоўваць сустрэчы з выбаршчыкамі і сходы.
Прэзідэнцкія выбары адбудуцца роўна праз месяц, 11 кастрычніка.