Сёння ў Беларусі праходзяць выбары кіраўніка дзяржавы
11 кастрычніка — асноўны дзень галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі.
Згодна з беларускім заканадаўствам прэзідэнтам можа быць абраны грамадзянін Беларусі па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў. Пры гэтым асоба павінна валодаць выбарчым правам і пастаянна пражываць у краіне не менш за дзесяць гадоў непасрэдна перад выбарамі. Не мае права быць кандыдатам у прэзідэнты грамадзянін, які мае судзімасць.
Да фінішу выбарчай гонкі дайшлі чатыры кандыдаты — Сяргей Гадукевіч, Таццяна Караткевіч, Аляксандр Лукашэнка, Мікалай Улаховіч.
З аўторка, 6 кастрычніка, у Беларусі праходзіла датэрміновае галасаванне. Паводле звестак Цэнтрвыбаркаму, за гэты час прагаласаваць паспелі больш за 36% выбарцаў. Тым часам незалежныя назіральнікі паведамлялі пра парушэнні на выбарчых участках. Найчасцей паведамлялася пра прыпіскі і завышэнне яўкі.
У дзень выбараў, 11 кастрычніка, галасаванне на участках будзе праходзіць з 8-й па 20-ю гадзіну.
Як мяркуецца, папярэднія вынікі выбараў будуць абвешчаныя ў ноч з нядзелі на панядзелак.
Фота: ria.ru