Таццяна Караткевіч назвала сябе адзінай дэмакратычнай альтэрнатывай (відэа выступу)
17 верасня на тэлеканале "Беларусь 1" быў паказаны выступ кандыдаткі ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч. Палітык выступала з бел-чырвона-белым сцяжком з выявай "Пагоні".
Прамова была сказаная па-руску, хаця пачала Караткевіч яе зваротам "Сябры".
Яна заявіла, што адзіная прадстаўляе дэмакратычную альтэрнатыву. "Лукашэнка стаміўся, трэба даць яму адпачыць", — заявіла прэтэндэнтка на найвышэйшую дзяржаўную пасаду.
Палітык пачала размову з кароткай аўтабіяграфіі і тлумачэння, навошта яна ідзе на выбары. Яна спаслалася на тое, што ідзе для вырашэння праблемаў, узнятых падчас акцыі "Народны рэферэндум".
З першых словаў палітык пачала гутарку пра рэформы ў эканоміцы, сацыяльнай сферы і дзяржапараце. “Рэформы дорага каштуюць, але бяздзеянне каштуе даражэй”, − заявіла Караткевіч.
Кандыдатка актыўна крытыкавала дзеянні чыноўнікаў, іх міфічную барацьбу з карупцыяй і планавую эканоміку Беларусі, звярнуўшы ўвагу на тое, што чыноўнікі бяздзейнічаюць у вырашэнні самых простых жыццёвых пытанняў.
Таксама Таццяна Караткевіч звярнула ўвагу на гіперінфляцыю ў Беларусі, падзенне пакупніцкай здольнасці беларусаў. І, паказаўшы самую вялікую беларускую купюру — 200 тысяч рублёў, аргументавала:
“Хачу звярнуць увагу на гэтую купюру. Гэта самая вялікая купюра — 10 гадоў таму на яе можна было купіць 186 літраў малака, у 2012 годзе – 44 літры. Зараз вам хопіць гэтых грошай толькі на 22 літры малака. Людзі кажуць, што грошы пераўтвараюцца ў паперу. І яны маюць рацыю. Пяць гадоў нам абяцалі 1000 долараў да 2015 года, а зараз нашыя заробкі амаль дацягваюць да 350. Людзі зло жартуюць: улада нас зрабіла мільянерамі, жабрацкімі мільянерамі. А жыццё становіцца ўсё даражэй”.
Таццяна Караткевіч абвінаваціла ўлады ў бяздзеянні, прыцягненні ўсё новых і новых крэдытаў, за якія плацяць беларусы, і ўвядзенне ўсё новых падаткаў.
“У нас увялі падатак на тое, каб кіраваць аўтамабілем! Заганяюць у кантракты, звальняюць і прымушаюць плаціць падатак на дармаедства, а таксама плаціць падатак на падатак!” — таму Караткевіч прапаноўвае адмяніць ўведзеныя падаткі.
Падчас выступу кандыдатка неаднаразова звярталася да тэмы беспрацоўя — да немагчымасці знайсці працу, асабліва ў маленькіх гарадах. Таксама яна згадала пра няпоўныя працоўныя тыдні і неканкурэнтназдольнасць беларускіх тавараў, паабяцаўшы разабрацца з запасамі гатовай прадукцыі і ўвядзеннем свабоднага рынку.
“Запасы гатовай прадукцыі на многіх прадпрыемствах складаюць да 80% ад гадавога запасу, а на некаторых прадпрыемствах накапіліся і гадавыя запасы. Мінпрам заклапочаны выкананнем планаў, але мы з 90−х ведаем, да чаго гэта прыводзіць”.
Караткевіч заверыла, што для кожнага праблеманага прадпрыемства будуць распрацаваныя планы па выхадзе яго з крызісу, а самыя праблемныя прадпрыемствы кандыдатка прапаноўвае зачыніць, паабяцаўшы тым, хто застанецца без працы, фінансавую падтрымку ў 75% ад заробку, танныя крэдыты, субсідыі і перападрыхтоўку.
Прайшлася Караткевіч і па Міністэрству гандлю, якое павінна з рэпрэсіўнага органа ператварыцца ў орган, які займаецца знешнім гандлем. Згадала палітык і пра невысокую якасць адукацыі.
Караткевіч паабяцала таксама абмежаваць прэзідэнцкую ўладу, каб кіраўнік дзяржавы не мог адзінаўладна прымаць рашэнні, да прыкладу, па інвестыцыйнай палітыцы, а таксама абмежаваць тэрмін дзеяння прэзідэнта двума тэрмінамі.
Напрыканцы прамовы Таццяна Караткевіч зазначыла, што Аляксандр Лукашэнка цяпер не можа выконваць свае абавязкі і апошнія пяць гадоў паказалі неэфектыўнасць цяперашняй каманды. Таму яна заклікала выбраць новага беларускага лідара.
“Апошнія пяць гадоў для старой каманды былі яўна лішнімі, за гэты час ўзровень жыцця нашых грамадзян толькі знізіўся. І яшчэ адзін тэрмін толькі пагоршыць наш стан. Лукашэнка стаміўся, яму трэба адпачыць. Людзі падзякуюць за ўсё, што добрае, што было зроблена, але нам патрэбна ісці наперад. Нам патрэбны новыя лідары, новыя ідэі і новыя метады, − заклікае Караткевіч. — Толькі так мы будзем развівацца, а не стаяць на месцы. Патрэбная воля да мірных пераменаў. Толькі так Беларусь зробіць крок наперад, мы выйдзем з крызіса. Беларусі патрэбен новы кіраўнік, новая каманда. Адзіны спосаб, аб гэтым сказаць, — прыйсці на ўчасткі ў дзень выбараў і прагаласаваць за мяне, Таццяну Караткевіч, за мірныя перамены, толькі так. Жыве Беларусь!”.