Тарыфы ЖКГ прывязалі да “базавай”: што з гэтага простым беларусам?
Спойлер: базавую стаўку прасцей кантраляваць, чым валюту / Еўрарадыё
Тарыфы ЖКГ у Беларусі адвязалі ад долара і прывязалі да “базавай”, бо яе прасцей кантраляваць. Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё кажа эканаміст Уладзімір Кавалкін:
“Мяняеш базавую стаўку — мяняюцца ўсе гэтыя тарыфы. То-бок Лукашэнку зручней кіраваць сітуацыяй у гэты момант. Чаму так? На сённяшні дзень тарыфы ЖКГ у вельмі значнай ступені складаюцца з ацяплення, асвятлення і іншых энерганосьбітаў. Гэтыя цэны цяпер не вельмі прывязаныя да валюты, бо часта гэта гандаль паміж Лукашэнкам і Пуціным. Зменіцца сітуацыя — зноў прывяжуць да долара. Гэта такія сітуацыйныя загады”.
А ці паўплывае гэта на беларусаў?
“Не вельмі. Гэта ўплывае больш на тое, каб Мінфін мог збалансаваць бюджэт: мала грошай — павышаем базавую стаўку і атрымліваем больш грошай. Дастаткова грошай — можам трохі пацярпець. Пакрычаў Лукашэнка пра рост цэн — патрымалі гэтую базавую стаўку паўгода, і вось табе запаволенне інфляцыі”.
13 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ "Аб прыняцці мер у галіне цэнаўтварэння". Ён, у прыватнасці, змяняе парог росту плацяжоў за жыллёва-камунальныя паслугі.
Цяпер прадугледжана, што максімальна дапушчальны рост плацяжоў за паслугі ЖКГ не мусіць перавышаць 0,5 базавай велічыні, што на сёння складае 18,6 рубля. Раней рост тарыфаў не мог перавышаць 5 долараў у эквіваленце за год (14,5 рубля па сённяшнім курсе).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.