Таваразварот Беларусі з ЕС у студзені-лістападзе 2016 года скараціўся на 22,3%
Таваразварот Беларусі з краінамі Еўрапейскага саюза ў студзені-лістападзе 2016 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года скараціўся на 22,3% і склаў 10 млрд 193,8 млн долараў. Такія лічбы паведамляе БелаПАН са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт.
Дарэчы, у студзені-лістападзе 2015-га таваразварот знізіўся на 23% у параўнанні з такім жа перыядам 2014 года. Таваразварот з ЕС зніжаецца ўжо чацвёрты года запар. У 2014 годзе ён знізіўся ў параўнанні з 2013-м на 3,8%, у 2013 годзе ў параўнанні з 2012-м — на 21,9%.
За 11 месяцаў 2016 года экспарт у краіны Еўрасаюза скараціўся на 32,8% (да 5 млрд 273,8 млн долараў), імпарт — на 6,5% (да 4 млрд 920,2 млн долараў). Станоўчае сальда склала 353,4 млн долараў. Між тым у 2015 годзе яно склала 2 млрд 590,5 млн долараў.
Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі ў студзені-лістападзе 2016 года былі наступныя краіны: Расія — 51,3% усяго аб'ёму таваразвароту; Украіна — 7,5%; Кітай — 4,9%; Нямеччына — 4,5%; Польшча — 4%; Вялікабрытанія — 2,5%; Нідэрланды — 2,4%; Літва — 2,1%; Турцыя — 1,6%; Італія — 1,3%.
Зніжэнне таваразвароту Беларусі з ЕС кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук звязвае з памылкамі уладаў, якія раней пабудавалі экспартныя пастаўкі ў Еўрасаюз пераважна на энерганосьбітах. Яны і цяпер складаюць каля 70% у агульным аб'ёме экспарту ў Еўропу. Між тым сусветныя кошты на нафту панізіліся.