“Тэлефон здаць, да падлогі не датыкацца!” Экскурсія па атамнай станцыі (фота)
Еўрарадыё пачынае серыю “атамных” рэпартажаў. Мы раскажам вам, як кожны ахвотны можа трапіць на сапраўдную АЭС, у чым адрозненне паміж адкрытасцю Беларускай АЭС і станцый у Еўрасаюзе, параўнаем жыццё ў “атамных” гарадках Беларусі і Літвы, а таксама пакажам, як знутры выглядае Ігналінская АЭС. У першым рэпартажы — пра тое, з чым сутыкнецца “атамны” турыст, калі захоча наведаць сапраўдную атамную электрастанцыю.
“Бліжэй да рэактара са свайго ў вас застануцца толькі фотаапарат, дыктафон і ніжняя бялізна”
Шэры будынак з жалезабетону, на першым паверсе шэраг шкляных дзвярэй. Паабапал — высокія шматпавярховыя адміністрацыйныя будынкі. Ззаду і крыху ўбаку — два вялізныя бетонныя кубы вышынёй дзевяць паверхаў кожны. Запоўненыя паркоўкі, аўтобусны прыпынак. Дарожкі, абсаджаныя туямі, збоку адключаны засмечаны фантанчык. І цішыня, нікога навокал. Я прыехаў на атамную электрастанцыю.
“Вы дамаўляліся? На 12? Цяпер толькі 11, пачакайце хвіліну. Мы патэлефануем у прэс-цэнтр”, — на ламанай рускай гаворыць мне жанчына з-за шкляной перагародкі ў фае галоўнай прахадной. Чакаю. Заадно назіраю за шэрагам металічных турнікетаў. Ля кожнага з іх апарат для прасвечвання сумак і торбаў і чалавек у камуфляжы. Зброі не бачна.
Па мяне прыходзяць праз пяць хвілін адразу чатыры чалавекі — дзве супрацоўніцы інфармацыйнага цэнтра і два спецыялісты са станцыі. “Вы ў нас першы беларускі журналіст, не прыгадаем, каб нехта прыязджаў вось так адразу, каб самому ўсё паглядзець. Таму такая світа”, — ці то жартуе, ці то сур’ёзна тлумачыць галоўны праваднік Томас. Томас прызнаецца, што звычайна не удзельнічае ў экскурсіях, але сёння акурат мае час і таму пакажа мне ўсё сам.
Перад праходам турнікетаў трэба атрымаць часовы электронны пропуск і зацверджаны спіс тэхнікі, якую я магу ўзяць з сабой. Даюць падпісаць тэкст правілаў яе выкарыстання і паводзінаў на АЭС — два лісты А4. “Без дазволу не фатаграфаваць, самастойна нікуды не хадзіць”. Падпісваю паперу, атрымліваю дакументы на сябе і тэхніку (маю фотаапарат і дыктафон). Пазней даведаюся, што адзін з маіх чатырох праважатых прысутнічае менавіта таму, што я раблю фота. Калі б я не меў фотаапарата, гэтага чалавека ў дэлегацыі не было б. “Такія правілы”, — коратка тлумачыць мне Томас.
Праходжу праз турнікет, ён моцна нагадвае прыстасаванні, вядомыя кожнаму наведніку “Барысаў-Арэны”. Прыкладваю пропуск, бачу станоўчае зялёнае святло, праходжу да сур’ёзнага чалавека ў форме на звыклае для беларусаў “абмацванне” і… здзіўляюся. Абмацвання няма. Мне проста аддаюць “прасвечаны” заплечнік і запрашаюць прайсці далей. Здзіўляюся яшчэ раз. У заплечніку ў якасці невялікай правакацыі “забыты” мой швейцарскі нож. З ім немагчыма трапіць нават на беларускі футбольны стадыён (адбіралі неаднойчы), не кажучы пра борт самалёта.
“Не турбуйцеся, гэта яшчэ не ўсё. Бліжэй да рэактара са свайго ў вас застануцца толькі фотаапарат, дыктафон і ніжняя бялізна”, — тлумачаць праважатыя.
"Персанальны дазіметр пішчыць. Калі раптам пачуеце рэзкі гук, уцякайце”
Усе, хто працуе ў спалучаных з рэактарнымі блокамі будынках і памяшканнях Ігналінскай АЭС, штодня праходзяць адну і тую ж працэдуру — пакідаюць у спецыяльных распранальнях усю сваю вопратку і абутак і пераапранаюцца ва ўсё белае. Тое самае раблю і я, на сабе можна пакінуць толькі ніжнюю бялізну. Надзяваю спачатку ніжнія белыя штаны, кашулю, шкарпэткі. Потым яшчэ адны белыя штаны і такую ж лёгкую куртку. На ногі мне даюць нешта накшталт кедаў — таксама белых. Вопратка лёгкая і камфортная, без нейкага спецыфічнага паху. Міжволі згадваю невясёлы анекдот аб тым, што “хоць памрэш ва ўсім чыстым”. У мяне забіраюць заплечнік і мабільнік. Даюць рэспіратар і пластыкавую каску. Раблю крок, адчыняю дзверы распранальні і ступаю на чыстую гладкую падлогу. Усё, я на атамнай станцыі!
“Тут у нас персанальныя дазіметры. Кожны супрацоўнік, калі ідзе на працу, бярэ свой, сыходзячы, пакідае. Вось бачыце, тут яны ўсе з фотаздымкамі. Спецыяльная служба потым правярае іх. Калі нехта перабярэ радыяцыі, то працаваць больш не будзе. Але я не прыгадаю такога”, — расказвае Томас. Мае праважатыя чапляюць на сябе невялікія пластыкавыя кантэйнеры са сваімі фотаздымкамі. У мяне такога няма — асабісты электронны дазіметр атрымліваю крыху пазней. Ён паказвае ўзровень апраменьвання ў рэальным часе, колькасць радыяцыі можна ўбачыць на электронным дысплэі. “Яшчэ ён пішчыць. Так што калі раптам пачуеце рэзкі гук, уцякайце. А мы ўжо за вамі”, — весела жартуюць мае праважатыя. А я сябе супакойваю тым, што за ўсе гады эксплуатацыі на Ігналінскай АЭС не было ніводнага сур’ёзнага інцыдэнту.
"Нічога не кладзіце на падлогу і не датыкайцеся яе. Калі дастанеце фотаапарат, ён застанецца на станцыі”
Знутры АЭС нагадвае сумесь сакрэтнага бункера, даследчага інстытута і хірургічнага аддзялення савецкай бальніцы. Вокнаў у калідорах і памяшканнях няма. На стэрыльна чыстай падлозе намаляваныя люмінесцэнтнай фарбай стрэлкі. “Гэта каб супрацоўнікі ведалі, у якім кірунку ўцякаць, калі што раптам. Цёмна ж будзе хутчэй за ўсё. А стрэлкі ў цемнаце свецяцца самі, без электрычнасці”, — расказвае Томас.
Мы ідзем па даўжэзным калідоры. Ён праходзіць уздоўж двух блокаў АЭС і мае агульную даўжыню каля 600 метраў, па 300 на кожны з блокаў. Такіх калідораў тут некалькі. Паабапал — шматлікія дзверы з незразумелымі надпісамі. Большасць з іх па-расійску, але зразумець нешта ў спецыфічных тэрмінах неспецыялісту ўсё адно немагчыма. Ідзем, падымаемся на ліфце на невядомую вышыню.
“Зараз убачыце амаль самае важнае месца, надрэактарнае памяшканне. Толькі нічога не кладзіце на падлогу і не датыкайцеся яе. Калі дастанеце фотаапарат, ён застанецца на станцыі”, — папярэджваюць праваднікі. Заходзім у невялікую камору з нізкай-нізкай столлю. Бачу пафарбаваныя ў жоўты колер тоўстыя дзверы, за імі невялічкі калідор, перагароджаны металічнай лаўкай. Па чарзе сядаем на яе, надзяваем бахілы (“Не кранайце ніз абутку!”), пераходзім на іншы бок. Там вялізны ангар з дзіўнымі механізмамі. Са столі звісае кран-маніпулятар для загрузкі і выгрузкі ядзернага паліва. Падлога з бліскучых металічных лістоў, за два крокі бачу ячэйкі, куды апускаюць запоўненыя палівам штангі. Робіцца крыху не па сабе, вочы самі слізгаюць на экранчык дазіметра. Прылада маўчыць, мае праваднікі весела перагаворваюцца паміж сабой.
Здаю свой дазіметр, на ім лічба — 2 мікразіверты. У чалавека, які яго правярае — 56
“Рэактар адлучаны ад генератара, ён не выпрацоўвае электрычнасць, але застаецца актыўным. Там цяпер тэмпература прыкладна 30 градусаў. Рабочая — 280”, — расказвае Томас. Праважатыя гавораць, што дакладна ніхто не ведае, колькі яшчэ будзе працаваць Ігналінская АЭС. Вывесці атамную электрастанцыю з эксплуатацыі нашмат складаней і даўжэй, чым яе пабудаваць і запусціць. І даражэй. У ідэале пасля запуску кожнай АЭС адразу ствараецца фонд для збору грошай на яе закрыццё. Для пабудаванай у сярэдзіне 80-х Ігналінскай АЭС такі фонд стварылі толькі пасля абвяшчэння Літвой незалежнасці. Грошай не хапае, працы па дэзактывацыі абсталявання часткова вядуцца за сродкі Еўрасаюза.
Слухаю праваднікоў і працягваю аглядвацца навокал. Памеры памяшкання і колькасць таямнічага абсталявання ўражваюць. Узгадваю, што менавіта такое памяшканне разам з усёй начынкай было знішчанае падчас выбуху рэактара на Чарнобыльскай АЭС. Робіцца крыху не па сабе.
Ідзем паглядзець, як адбываецца дэзактывацыя абсталявання ў памяшканні, дзе знаходзяцца генератары і турбіны. Памяшканне — гэта слаба сказана. Трапляю ў вялізны ангар даўжынёй 600 метраў і глыбінёй з пяціпавярховы дом. Знаходзіцца тут можна толькі ў масцы-рэспіратары. Абсталяванне дэмантуюць і дэзактывуюць, спілоўваючы радыеактыўны слой. У паветры могуць знаходзіцца часціцы металічнага радыеактыўнага пылу. За тым, каб супрацоўнікі АЭС насілі тут маскі, сочаць спецыяльныя людзі. Навокал металічныя скрынкі з распілаваным на адносна невялікія кавалкі абсталяваннем. Частка ўжо прайшла дэзактывацыю і іх можна нават здаваць у металалом, частка толькі чакае гэтай працэдуры. На розных узроўнях унізе ходзяць людзі ў белай вопратцы і масках. Нехта цягае метал, нехта правярае яго дазіметрамі. Іншыя займаюцца зусім незразумелай працай. Адчуваю сябе героем фантастычнага фільма.
Агулам на Ігналінскай АЭС правожу каля трох гадзін. Здаючы свой дазіметр на пункце кантролю, бачу на ім лічбу 2 мікразіверты. У чалавека, які яго правярае, іх 56. Набраную мной дозу можна лёгка ўхапіць за некалькі гадзінаў, правезеных на сонцы. Акрамя дазіметра супрацоўнікі станцыі бяруць на праверку мой фотаапарат і дыктафон. Крыху хвалююся: калі норма будзе перавышаная, сваю тэхніку я магу больш не ўбачыць. Але, на шчасце, усё нармальна.
“У нас даволі часта бываюць тут экскурсіі. Студэнты прыязджаюць групамі, нашы і замежныя журналісты. Бываюць нават камерцыйныя турысты. Мы палічылі, колькі каштуе час праваднікоў, вопратка, якую выдаюць турыстам для пераапранання. Выйшла 58 еўра. Кожны можа заплаціць гэтыя грошы і ўбачыць тое, што мы паказалі вам сёння. Для літоўцаў крыху дорага, канечне. Але бываюць нават групы. Нядаўна вось дырэктар адной юрыдычнай фірмы прыслаў сваіх супрацоўнікаў сюды”, — расказваюць праваднікі на развітанне.
Я пытаю дазволу сфатаграфаваць турнікеты і людзей у камуфляжы ў галоўным вестыбюлі. Атрымліваю адмову. Маўляў, ахова забараняе гэта рабіць. Гэта адзінае, што мне не дазволілі сфатаграфаваць на Ігналінскай АЭС.
У наступным рэпартажы “атамнай” серыі Еўрарадыё чытайце пра тое, як і чым жыве гарадок літоўскіх ядзершчыкаў Вісагінас.