The Toobes: Мы нанясем “кропкавы” удар па Еўропе

Яны зноў рыхтуюць першы альбом і не святкуюць разам святы. Яны не прагнуць крутога шоў і дадуць яшчэ адно інтэрв’ю журналісту Будкіну…

Пра новае “Хэлоў”

Еўрарадыё: Па якіх прычынах затрымліваецца выхад другога альбома The Toobes?

Косця Пыжоў: Наш першы альбом – гэта экспромт, а другі – паўнавартасная праца. І тут спяшацца нельга. Можна паспяшыць і людзей насмяшыць, як кажа вядомая прыказка.

Еўрарадыё: Вы яго рыхтуеце ўвогуле?

Стас Ламакін: Вядома. Ужо запісаныя 24 трэкі, і над кожным трэкам ідзе праца, як над першым альбомам. Мы хочам, каб гэта быў не проста другі альбом, а першы альбом “Тубсаў”.

Еўрарадыё: А першы будзеце пазіцыянавацца як дэбютны?

Стас Ламакін: Не, гэта быў першы альбом. Аднак новы альбом будзе першым менавіта The Toobes. Я правільна кажу?

Стас Мурашка: Так. Гэта быў перад-альбом, нешта кшталту дэма-версіі.

Стас Ламакін: Так, мы паказалі, на што мы здольныя, а зараз мы пакажам, на што мы здольныя на самой справе (смяюцца).

Косця Пыжоў: То бок, мы канчаткова сфармаваліся на дадзены момант, таму гатовыя паказаць сапраўды нешта цікавае. Нарэшце мы стаім на парозе гэтага.

Еўрарадыё: Наколькі гэтае “новае” адрознае ад таго “першага”?

Стас Мурашка: Мы маем новы матэрыял, ён па-іншаму гучыць.

Стас Ламакін: Тым не менш, гэта The Toobes, як ні круці.

Косця Пыжоў: Цалкам лагічна, што матэрыял змяніўся, таму што людзі не стаяць на месцы, і любы музыкант развіваецца з цягам часу.


Гудбай Трыкі?

Еўрарадыё: Нейкі час упарта хадзілі чуткі пра перавыданне вашага першага “Hello” у Еўропе. Што чуваць наконт гэтага?

Стас Ламакін: Усё перайгралася 50 разоў.

Стас Мурашка: Вось гэта ён і ёсць – наш еўрапейскі “Hello”. То бок, тое, над чым мы так доўга і старанна працуем, і хочам дабіцца таго, што нам сапраўды патрэбна, ёсць наш еўрапейскі “Hello”.

Стас Ламакін: Так. Мы б маглі зламаўшы галаву што-небудзь выдаць. Вядома, ніхто не ведае, што б з гэтага атрымалася, але не хочацца спатыкнуцца менавіта ў Еўропе. Гэты наш першы “Hello” для Беларусі ніхто ж не чуў у Еўропе. Таму з другім альбомам не хочацца паўтараць тыя ж памылкі. Мы зараз чакаем патрэбныя момант і месца. А наконт Трыкі

Еўрарадыё: Так-так, цікава…

Стас Ламакін: 150 разоў усё мянялася. Нас яшчэ трымае гэты сябра, аднак дагэтуль усё пад пытаннем. У яго і тур пачаўся, і проста фізічна не хапае часу. Але ў любы момант, калі раптам нешта яшчэ з’явіцца на гарызонце, мы скажам дзядзьку Эндру “Да пабачэння”.

Еўрарадыё: І прывітанне, які-небудзь дзядзька Брэд.

Стас Ламакін: Так. У любым выпадку, нават калі не будзе “дзядзі”, мы прыходзім да высновы, што трэба ўсё рабіць самім. Ёсць шмат каманд, якія абсалютна без усялякіх лэйблаў, выданняў існуюць, і зарабляюць грошы, і маюць папулярнасць…


… “Кропкавы ўдар” па Еўропе

Еўрарадыё: Памятаю, у нашым першым інтэрв’ю вы “рваліся” у Еўропу, Лондан. Ваша імкненне па-ранейшаму ў сіле?

Стас Ламакін: Мы прытаміліся крыху за гэты час, наганялі шмат кіламетраў на цягніках-самалётах, амаль 50 тысяч. Зараз для мяне раніца…Стас, калі ты прачнуўся?

Стас Мурашка: Гадзіну таму. Мы вельмі доўга спім.

Стас Ламакін: Нягледзячы на стомленасць, бадзёрасць мы не губляем. Зараз у нас з’явіўся добры знаёмы ў Фінляндыі, які прабівае нам канцэрты ў сваёй краіне і ў Швецыі. Летам нас чакаюць фестывалі ў краінах Скандынавіі, а перад гэтым будзе невялікі тур – 4-5 канцэртаў. Вядома, пакуль усё ў аблоках. На год наперад плануюць гурты з вялікімі “яйцамі”.

Косця Пыжоў: Але гэта не ўсё. Не толькі Скандынавія. У нас кіпа планаў, толькі, мабыць, не зусім правільна пра іх гаварыць.

Стас Ламакін: Неяк так атрымалася, што ў мінулым годзе мы Еўропу амаль і не наведалі. У нас усё Расія, Україна. Прычым, не скажу, што гэта кепскі досвед.

Косця Пыжоў: Гэта выдатны досвед!Вернемся да таго ж “Гластнбэры”. Пастаў нас год таму на яго сцэну – мы б яўна паказалі сябе не з лепшага боку. А Расія, Україна – гэта нармальная “пракачка” і добры аэрадром.

Стас Ламакін: Так. І здорава, што пасля 2-3-га канцэрта мы збіраем усё больш і больш народу ў былых савецкіх сталіцах. Усе нас чакаюць, і я думаю, што наступны этап – гэта больш буйныя пляцоўкі. Як мы гэтага не хацелі – ісці праз Расію – нікуды не падзенешся! Мы вырашылі набрацца досведу там.

Косця Пыжоў: Там не ўсё проста. А калі не ўсё проста – атрымліваеш добрую закалку.

Стас Ламакін: Тое, пра што мы яшчэ ў першым інтэрв’ю казалі наконт “боязі Лондана, Еўропы”… Мне падаецца, усе баяцца. Не хочацца прыехаць туды і абасрацца. Вядома, можна прыехаць, зрабіць канцэрт для 10 чалавек. Магчыма, будзе рэакцыя нейкая. Але хочацца ўжо, з іншага боку, зайсці ў гэтую Еўропу.

Косця Пыжоў: То бок, мы не хочам паўтараць шлях шматлікіх беларускіх, расійскіх і малавядомых еўрапейскіх гуртоў, якія ператвараюць усю сваю дзейнасць у пастаянныя паездкі па пабах, граючы перад 15 асобамі. Насамрэч, гэта шлях у адваротны бок. Гэта ні разу не рост.

Стас Мурашка: Проста не хочацца тыя ж тры гады, якія мы марнавалі ў Беларусі, марнаваць яшчэ на Еўропу. Мы хочам нанесці “кропкавы ўдар” па Еўропе, і каб усё было адразу па справе.

Косця Пыжоў:
І нікому не скажам, як гэта зрабіць. А мы ведаем (смяюцца).

Пра Гластнбэры і вялікія пляцоўкі

Еўрарадыё: Мінулым летам вы падавалі заяўку на ўдзел у знакамітым “Гластнбэры”

Косця Пыжоў: Так. Мы нібыта і прайшлі туды, але не зраслося. Мы былі ў спісах…

Стас Ламакін: Асобных спісах. Менавіта з падачы Трыкі. Таму нічога і не зраслося. Мы засумавалі, вядома. Аднак, з іншага боку, можна было б на “Гластнбэры” выступіць не ў добры час і перад сотняй чалавек…

Косця Пыжоў: Так, я таксама пра гэта думаў. Мы не зусім падрыхтаваныя былі да гэтага выступу, і па волі лёсу туды і не трапілі. Я зараз разумею, што, напэўна, гэта правільна. Прыйдзе час, калі мы будзем падрыхтаваныя да гэтай сцэны, і мы на ёй выступім.

Еўрарадыё: А да якіх сцэн вы ўжо падрыхтаваныя?

Косця Пыжоў: Да вялікіх – дакладна. Таму што мы маем ужо досвед выступаў і перад 30 тысячамі чалавек, і перад 50 – у Адэсе быў цудоўны фэст. І мы ведаем, як працаваць на такіх пляцоўках, як працаваць з тэхнікай, як працаваць над сабой, як дабівацца добрага гучання. Вось прыклад з нашага досведу: мы гучалі лепш за хэдлайнераў, хоць у нас не было свайго гукарэжысёра. І гэта быў факт, пацверджаны многімі людзьмі.

Еўрарадыё: Гэта ў Адэсе?

Косця Пыжоў: Так. На фэсце “Пикейные жилеты”. Гэта адкрыты гарадскі фестываль, які адбываецца штогод. На плошчы збіраецца ўвесь горад і яго ваколіцы.

Еўрарадыё: І якім чынам 50 тысяч чалавек успрынялі гурт The Toobes?

Стас Ламакін: Шыкоўна! Мы гралі ўсяго 30 хвілін. Выйшлі са сцэны, нас крыху калаціла. А пасля панічна чыталі водгукі і расслабіліся. Пра хэдлайнераў нават і не гаварылі. Абураліся, чаму “Тубсаў” так мала было. Нас ужо запрасілі да ўдзелу ў гэтым фэсце ў наступным годзе.

Косця Пыжоў: Адразу пасля нашага выступу.

Пра новы кліп і яго прэзентацыю

Стас Ламакін: І пяройдзем плаўна да кліпу. Мы там жа знялі кліп. Працоўная яго назва “30 тысяч кіламетраў”, аднак пасля таго як мы наездзілі яшчэ 20 тысяч кіламетраў, можна называць яго “50 тысяч кіламетраў”. Мы заўсёды з сабой бярэм відэакамеру і здымаем адно аднаго. Атрымалася нарэзка ў духу 90-х гадоў, як у гуртоў гранж, панк… Мы забаўляемся, тусуемся, плаваем у моры.

Косця Пыжоў: Прытым, гэта цалкам прыемныя пачуцці, якія перадаюць станоўчы настрой. То бок, не негатыў, не чорнае і шэрае, што ўласціва гранж-нарэзкам, гэта суцэльны пазітыў.

Стас Ламакін: Песня, на якую знятае відэа, пакуль трымаецца ў сакрэце. 10 снежня на канцэрце мы прэзентуем кліп. Калі паспеем, а мы стараемся, то выпусцім максі-сінгл на гэтую песню. То бок шэраг варыянтаў гэтай песні: канцэртны, кліпны і гэтак далей. І паспрабуем выдаць яго. Магчыма, гэта будзе не дыск, як наш першы сінгл. Хутчэй за ўсё, інтэрнэт-сінгл. Так?

Стас Мурашка: Можа і не. Мы на самой справе хацелі зрабіць абмежаваны тыраж, калекцыйны, 30 альбо 50 копій. Прыходзьце 10 снежня, будзе крута.

Еўрарадыё: Вы зноў плануеце сабраць “Рэактар”?

Стас Ламакін: Не мы плануем, бо да арганізацыі гэтага канцэрта ніякага дачынення не маем. Усім займаюцца Green Pepper.

Косця Пыжоў: Я магу сказаць, што мы плануем. Мы плануем зрабіць крутое шоў: гэта будзе сапраўды добры гук, святло і пару сюрпрызаў. Вось што ў нашых планах.

Пра крутое шоў

Еўрарадыё: Чамусьці маладыя гурты апошнім часам намагаюцца скарыць гледачоў крутым шоў…

Стас Ламакін: Я думаю, Косця мае на ўвазе, што шоў – гэта, перш за ўсё, музыка.

Косця Пыжоў: Шоў, угар, атмасфера…

Стас Ламакін: Так, мы не спрабуем зрабіць лазернае шоў, тэатральнае відовішча. Мы граем музыку – а гэта і ёсць наша галоўнае шоў. Усе хочуць зрабіць супершоў, якое, мне падаецца, нафіг нікому не патрэбнае. Можна схадзіць у 3D-кінатэатар, вось вам і шоў. На канцэрты трэба прыходзіць і слухаць музыку, адрывацца, пацець, ламаць ногі…

Косця Пыжоў:
Насы, закахацца, пазнаёміцца, скакаць са сцэны…

Пра журналіста Будкіна

Еўрарадыё: На апошнім уручэнні ўзнагарод Experty.by адбыўся не надта прыемны інцыдэнт паміж The Toobes і журналістам Сяргеем Будкіным, які атрымаў шырокі рэзананс у інтэрнэце. Як вы перажылі той час?

Стась Мурашка: Самая вялікая частка следу засталася ў Інтэрнэце. Мы ж ніяк на гэта не рэагавалі ўвогуле.

Еўрарадыё: А калі Сяргей яшчэ раз да вас падыдзе з мікрафонам, вы дадзіце яму інтэрв’ю?

Косця Пыжоў: Усё залежыць ад таго, з якой энергетыкай ён падыдзе, і з якім намерам.

Еўрарадыё: То бок, калі ён будзе вясёлы, пазітыўны..

Косця Пыжоў: Так. Бо калі ад пачатку існуе нейкая непрыязнасць паміж людзьмі, нічога добрага з іх стасункаў не атрымаецца. Таму так і выйшла: чалавек ішоў на канфлікт, і ён яго атрымаў.

Стас Ламакін: Вядома, рэзананс быў. Як кажа жонка нябожчыка Джона Ленана Ёка Она, найлепшы піяр – чорны піяр.

Косця Пыжоў:
І каб назву правільна пісалі. Бо не заўсёды правільна яе пішуць. Без “е”, “о”, яшчэ “ц’юбсамі” называюць…


Пра святы

Еўрарадыё: Набліжаецца Новы год, а адпаведна і “навагодні чос”. Ці клічуць вас граць на карпаратывах?

Стас Ламакін: Нам ужо 3 гады, аднак, высвятляецца, мы – андэграўнд, бо нікуды граць на Новы год нас не запрашаюць. Калі такое раптам здарыцца, то мы з задавальненнем пагодзімся.

Еўрарадыё:
А як вы святкуеце навагоднія святы?

Стас Ламакін: Ніяк. Збіраемся ў коле сям’і.

Стас Мурашка:
А я вось хачу на Новы год паехаць у Піцер.

Стас Ламакін: Навошта?

Стас Мурашка: У Піцеры весялей, чым у Мінску. Я люблю Піцер.

Косця Пыжоў:
Я ўвогуле не думаю пра гэта. Гэтыя думкі мяне бянтэжаць. Карацей, мы не рамантыкі.

Стас Ламакін: А мы ўвогуле святкавалі калі-небудзь што-небудзь разам?

Стас Мурашка:У нас кожная рэпетыцыя – гэта свята!



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі