Топ-10 самых “багатых” і самых “бедных” кандыдатаў у дэпутаты Мінгарсавета
Даход кандыдатаў — ад 0 да 450 тысяч долараў за 2013 год.
Сярэдні даход усіх кандыдатаў — 13 мільёнаў 850 тысяч рублёў, гэта каля 1,5 тысячы долараў за месяц.
На працы дэпутатам мясцовых саветаў не заробіш, бо яна на грамадскіх пачатках, то бок бясплатная. Мы вырашылі паглядзець, хто ідзе ў дэпутаты, і скласці спіс самых "багатых" (з вялікім даходам) і самых "бедных" (з мінімальным прыбыткам за 2013 год).
Гадавы даход, які кандыдаты абавязаныя ўказваць пры рэгістрацыі ў ЦВК, — гэта заробак, таксама туды могуць уваходзіць дывідэнды і продаж маёмасці.
Самы багатым кандыдатам аказаўся Андрэй Ратасеп — прыватны прадпрымальнік з Ліберальна-дэмакратычнай партыі, які гандлюе бытавой тэхнікай і спорттаварамі. Яго гадавы даход — 450 тысяч долараў!
"Гэта нельга назваць даходам, — тлумачыць сам кандыдат. — Гэта абарот ІП. А яго трэба ўказваць у дэкларацыі. Гэта не значыць, што я столькі зарабіў. Я прадаў, потым набыў тавар, зноў прадаў. Вось у мяне ёсць 40 тысяч долараў, і я на іх набываю тавар, потым прадаю, набываю новы".
За рэакцыю электарату Андрэй не перажывае, маўляў, працую сумленна, таму хаваць няма чаго.
"У нас ёсць людзі, у якіх даход мінімальны, а яны жывуць у катэджах і на джыпах ездзяць. Вось дзіўна. У мяне няма. Толькі пачалі з жонкай кватэру будаваць. Хто працуе сумленна, той можа паказваць даходы. Я так разумею, ёсць гендырэктары, і калі паглядзець, на чым яны ездзяць і дзе жывуць, дзіўна, калі ў іх прыбытак 50 мільёнаў за год. Як яны пабудавалі катэдж? Таму трэба глядзець, дзе чалавек жыве і на чым ездзіць. І тады стане зразумела".
У дэпутаты кандыдат з самым высокім даходам пайшоў, бо партыя сказала: трэба. "Я сказаў: чаму б не".
Сярод топ-10 кандыдатаў з самым вялікім даходам за 2013 год знаходзім у асноўным дырэктараў розных прадпрыемстваў. Але ёсць і беспрацоўныя.
Топ-10 самых "багатых" кандыдатаў
1. Андрэй Ратасеп (ІП, ЛДПБ) — 4 мільярды 305 мільёнаў 247 тысяч рублёў;
2. Міхаіл Макаранка (начальнік філіяла "Спецупраўленне № 68" Будтрэста № 4, беспартыйны) — 1 мільярд 203 мільёны 339 тысяч рублёў;
3. Сяргей Казлоў (гендырэктар комплексу "Алімпійскі", Сацыяльна-спартыўная партыя) — 634 мільёны 740 тысяч рублёў;
4. Аляксандр Рубінаў (дырэктар Мiнскага холадакамбiната № 2, беспартыйны) — 549 мільёнаў 212 тысяч рублёў;
5. Наталля Башура (часова не працуе, ЛДПБ) — 520 мільёнаў 63 тысячы рублёў і 3 000 расійскіх рублёў;
6. Ігар Бабок (намеснік гендырэктара па ідэалагічнай рабоце "Мілавіца", беспартыйны) — 488 мільёнаў 204 тысячы рублёў;
7. Дзмітрый Мелікян (гендырэктар нацыянальнага аэрапорта "Мінск", беспартыйны) — 445 мільёнаў 140 тысяч рублёў;
8. Аляксей Пакутнік (дырэктар "Глас-Лагiстык", ЛДПБ) — 431 мільён 708 тысяч рублёў;
9. Аляксандр Набздораў (дырэктар "Галантэі", беспартыйны) — 418 мільёнаў 136 тысяч рублёў;
10. Валерый Даніловіч (гендырэктар "Белсантэхмантаж-2", КПБ) — 417 мільёнаў 29 тысяч рублёў.
Сярод самых бедных кандыдатаў — студэнты і прадпрымальнікі. Ёсць адзін дырэктар прадпрыемства.
Топ-10 самых "бедных" кандыдатаў
1. Алена Крушэўская (студэнтка, АГП) — 300 еўра;
2. Максім Гацак (ІП, беспартыйны) — 4 мільёны 975 тысяч рублёў;
3. Андрэй Буякевіч (дырэктар ТАА "Маге-Аспект", КПБ) — 7 мільёнаў рублёў;
4. Артур Фінькевіч (студэнт, АГП) — 10 мільёнаў рублёў;
5. Марына Стжалкоўская (спецыяліст па продажах "Тэлемагазін", ЛДПБ) — 11 мільёнаў 313 тысяч рублёў;
6. Арцём Свіршчык (ІП, БСДП “Грамада”) — 11 мільёнаў 666 тысяч рублёў;
7. Пётр Маркелаў (студэнт, беспартыйны) — 12 мільёнаў рублёў;
8. Андрэй Лазуткін (студэнт, КПБ) — 14 мільёнаў 517 тысяч рублёў;
9. Аляксандр Шэндрык (вадзіцель аўтобуса "Аўтасрэда", ЛДПБ) — 15 мільёнаў 93 тысячы рублёў;
10. Аляксандр Рудакоўскі (прадавец-кансультант "ТопКрэп", ЛДПБ) — 15 мільёнаў 200 тысяч рублёў.
А вось Аляксандр Антонаў прадпрымальнік з ЛДПБ — даходу ў 2013-м не меў, але мае два аўтамабілі, 59% статутнага фонду таварыства з абмежаванай адказнасцю "Тройка-інвест", 80% "Тройка-дыялог", 95% "Антаў", 33% вытворчага кааператыву "Фантазія".
Які даход у мінскіх настаўнікаў?
У гарсавет балатуюцца трое настаўнікаў з даходам ад 57 да 78 мільёнаў рублёў. Такім чынам, даход настаўніка за месяц 5-7 мільёнаў рублёў. Што кажа Белстат?
Згодна з дадзенымі Белстата сярэдні заробак ў сферы адукацыі ў 2013 годзе ў Мінску быў 4 мільёны 217 тысяч рублёў.
Даходы дырэктараў школ трошкі большыя — ад 67 да 140 мільёнаў. Гэта 6-12 мільёнаў за месяц.