Топ-5: навіны 16 сакавіка
"Шмат народу, разгубіўся..." Як міліцыянты сведчаць у судах супраць пратэстоўцаў
16 сакавіка у Мінску, Магілёве і Гродне прайшлі суды над удзельнікамі акцый супраць “дэкрэта аб дармаедах”. Пад адміністрацыйную адказнасць патрапілі больш за 50 чалавек. Большасць затрыманых суддзі адправілі на суткі. Удзельнікам пратэстаў давалі ад 12 да 15 сутак арышту або штрафы да 1000 рублёў.
Тым часам, анархісту Іллі Міраненку пагражае крымінальная справа нібыта за збіццё міліцыянта. Пакуль суд асудзіў хлопца на 14 сутак арышту. Пасля чаго актывіст аб’явіў галадоўку.
16 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска прайшлі суды над затрыманымі ўдзельнікамі "маршу недармаедаў". Сярод іншых, у суд прывезлі актывіста Андрэя Навакоўскага. На твары ў хлопца былі гематомы ды іншыя сляды ад пабояў. Пра тое, як можна бараніць сябе пры гвалтоўным затрыманні, высвятляў Зміцер Лукашук.
Змены ў Дэкрэт аб дармаедах распрацуюць да 1 красавіка. Пра гэта ў чацвер распавёў намеснік міністра па падатках і зборах Уладзімір Муквіч. Па словах чыноўніка, яго ведамства цяпер працуе над новым тэкстам дакумента.
Тым часам, дэпутаты парламента ўжо зрабілі свае папраўкі ў дэкрэт №3 і перадалі іх у адміністрацыю кіраўніка краіны.
У Мінску прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка місіі Міжнароднага валютнага фонду па Беларусі Пітэра Долмана. Гаворка ішла пра супрацоўніцтва нашай краіны з МВФ. Лукашэнка сказаў, што ім трэба было абмеркаваць "літаральна некалькі пытанняў".
Паводле слоў Лукашэнкі, ён хацеў праінфармаваць госця пра сітуацыю ў Беларусі. Як вядома, улады нашай краіны ўжо працяглы час спадзяюцца атрымаць крэдыт ад МВФ у 3,5 млрд долараў.
Паводле сацыялагічных апытанняў, 48% інтэрнэт-карыстальнікаў з Беларусі заклейваюць вэб-камеры, бо асцерагаюцца іх узлому.
Кожны чацвёрты беларус не адмаўляе таго, што ўзлом вэб-камеры — рэальнасць. Але гэтая пагроза іх асабліва не турбуе, бо яны ўпэўненыя, што іх абароніць антывірус.
І толькі 10% беларусаў лічаць, што дыстанцыйны ўзлом вэб-камеры — выдумкі.