Топ-5 патрабаванняў апазіцыі: ад падліку галасоў да “проста выконвайце закон"

Топ-5 патрабаванняў апазіцыі: ад падліку галасоў да “проста выконвайце закон"

Выбары ў Беларусі не празрыстыя, не свабодныя і не дэмакратычныя — ужо шмат гадоў сцвярджае апазіцыя і… столькі часу бярэ ў іх удзел. Напярэдадні кожных выбараў дэмакраты агучваюць патрабаванні: як памяняць заканадаўства, каб апазіцыя змяніла сваё стаўленне да выбараў і прызнала вынік.

Еўрарадыё складае Топ-5 актуальных патрабаванняў апазіцыі да ЦВК на парламенцкія выбары. Першае месца — у патрабавання весці падлік галасоў так, каб і назіральнікі, і члены камісіі бачылі, за каго аддаў свой голас выбаршчык.

На другім месцы — пытанне фармавання выбарчых камісій. У камісіі ўсіх узроўняў павінны быць уключаныя прадстаўнікі апазіцыйных структур. Найперш тых, чый кандыдат балатуецца на гэтым участку.

Тройку самых важных умоў апазіцыі завяршае патрабаванне адмовіцца ад “прымусовага датэрміновага галасавання”.

Прычым, у апазіцыі лічаць, што выкананне гэтых трох умоў павінна ісці “адным пакетам”.

Топ-5 патрабаванняў апазіцыі: ад падліку галасоў да “проста выконвайце закон"

“Бо нават самы празрысты падлік галасоў, калі ў складзе камісіі не будзе прадстаўнікоў апазіцыйных сіл, можна зрабіць так, што нешта будзе там сфальсіфікаванае, І наадварот, калі будзе сядзець там прадстаўнік апазіцыі, а падлік будзе рабіцца фармальна і дадзеныя будзе запісваць старшыня камісіі, гэта таксама не мае ніякага сэнсу. Толькі ў комплексе”.

Намеснік старшыні АГП Леў Марголін.

Яшчэ два патрабаванні: доступ да дзяржаўных СМІ не толькі падчас выбараў, але і ў час выбарчага міжсезоння і роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў падчас выбарчай кампаніі. Ці, інакш кажучы, каб перадвыбарчая агітацыя рэгулявалася не законам “Аб масавых мерапрыемствах”, а выбарчым заканадаўствам.

“Ёсць аб’екты павышанай небяспекі, органы ўлады, а ўсё астатняе павінна быць абсалютна даступна для ўсіх кандыдатаў у дэпутаты. Каб аблягчыць іх зносіны з выбаршчыкамі і даць магчымасць выбаршчыкам больш даведацца пра таго, каго яны абіраюць”, — тлумачыць лідар “Справядлівага свету” Сяргей Калякін.

Не абыходзіцца наша апытанне і без арыгінальных, скажам так, патрабаванняў. Як ні дзіўна, але гучаць яны ад экс-кандыдата ў прэзідэнты, намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. На першае месца па значнасці ён ставіць патрабаванне ануляваць спісы дэпутатаў наступнага склікання, якія нібыта ўжо ёсць у старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. І па выніках выбараў 11 верасня агучыць “праўдзівыя лічбы”.

Топ-5 патрабаванняў апазіцыі: ад падліку галасоў да “проста выконвайце закон"
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў

Такі вось Топ-5 патрабаванняў ад пяці апазіцыйных структур. У ЛДП патрабаванняў да Цэнтрвыбаркама няма.

Топ-5 патрабаванняў апазіцыі: ад падліку галасоў да “проста выконвайце закон"

“У нас няма ніякіх прэтэнзій да закона, Галоўнае, каб ён быў дакладна выкананы на месцах. Каб не было парушэнняў і злоўжыванняў з боку органаў мясцовай улады і каб не было адміністрацыйнага рэсурсу”.

Намеснік лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч

Заканадаўства да сёлетніх парламенцкіх выбараў ніхто мяняць не збіраецца, пра гэта даўно і бясспрэчна заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Права падаць заяўку на ўключэнне сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчай камісіі ў апазіцыі ёсць даўно. Але ўключаць ці не — залежыць ад мясцовых органаў улады, на якіх уплыву ў ЦВК нібыта няма. Тым не менш, пілюлю гэтую вырашылі падсаладзіць: сёлета прадстаўнікі кандыдатаў у дэпутаты будуць уключацца ў склад акружных выбарчых камісій. Чаму не ўчастковых, дзе рэальна лічацца галасы?

Лідзія Ярмошына: “Я думала пра гэта… Разумееце, ва ўчастковых камісіях у сябра камісіі з дарадчым голасам няма паўнамоцтваў. Ён, па сутнасці, можа выконваць толькі функцыі назіральніка. Але назіральнік альбо давераная асоба і так прысутнічаюць. А вось у акруговых камісіях яны рэальна валодаюць паўнамоцтвамі, бо бяруць удзел у дыскусіі і ў самім працэсе падвядзення вынікаў выбараў. І могуць паўплываць неяк на працу камісіі”.

Ну, а на патрабаванне празрыстага падліку галасоў Ярмошына феерычна адказвае Сяргею Калякіну ў праграме на АНТ.

“Працэдура падліку галасоў вызначаная заканадаўствам і пашырыць нормы заканадаўства Цэнтральная камісія не ў праве. Цалкам магчыма, дзяржава пяройдзе і да такой сістэмы (паліку галасоў, — Еўрарадыё) і адпаведная змена будзе ўнесеная ў закон. Але не трэба верыць у тое, што гэта звычайная тэхнічная працэдура можа стаць панацэяй. Мы бачым дзяржавы: калі там адбываюцца Майданы і мітынгі, то найперш на што там нападаюць? На выбары! Незалежна ад працэдуры ўсе адразу кажуць, што галасу лічылі несумленна. Гэта повад, які дае магчымасць абвінаваціць уладу ў чым заўгодна”.

Але калі і сённяшняя сістэма падліку галасоў дае апазіцыі магчымасць абвінавачваць уладу, то чаго баяцца?

У апытанні бяруць удзел лідары партыі левых “Справядлівы свет”, Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху “За свабоду”, кампаніі “Гавары праўду” і Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

Фота Змітра Лукашука, відэа АНТ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі