Трактарны завод хоча ўзяць на размеркаванне толькі двух спецыялістаў з ВНУ

Трактарны завод  хоча ўзяць на размеркаванне толькі двух спецыялістаў з ВНУ

На калегіі ў Мінпрацы віцэ-прэм'ер Наталля Качанава хвалюецца за будучыню выпускнікоў пасля каледжаў, універсітэтаў і вучэльняў.

"Віцэ-прэм'ер зрабіла акцэнт на працаўладкаванні выпускнікоў, якія завяршаюць навучанне ў 2016 годзе без абавязковага размеркавання. Таму асаблівую актуальнасць набываюць пытанні працаўладкавання такіх маладых людзей, у тым ліку на забраніраваныя месцы", —  паведамляе ўрадавы сайт.

Як даведалася Еўрарадыё, адмяняць размеркаванне ў крызісныя часы ніхто не збіраецца. Але куды падзець гэтых выпускнікоў  ВНУ — таксама не ведаюць.

"Пакуль заяўкі назапашваюцца на кафедрах, рана казаць", —  адказваюць на аўтатрактарным факультэце БНТУ.

Яны яшчэ не ведаюць, што Мінскаму трактарнаму заводу патрэбныя два (!) выпускнікі факультэта. І гэта ўсё!

"На дадзены момант генеральны дырэктар падпісаў нам загад узяць толькі 2 чалавекі  з БНТУ. Агулам у нас зацверджана 92 чалавекі, гэта сярэдняя спецыяльная адукацыя, гэта вучэльні", —  адказваюць у аддзеле кадраў прадпрыемства.

Летась Трактарны завод браў 20 чалавек з аўтатрактарнага факультэта. У 10 разоў болей! Іншых размяркоўвалі ў міліцыю, на мытню, аўтасервісы….

Трактарны завод  хоча ўзяць на размеркаванне толькі двух спецыялістаў з ВНУ

Размеркаванне: з аўтатрактарнага — у міліцыю, з эканамічнага — у ВНУ

А лепшых транспартнікаў з Гомеля адпраўляюць працаваць у метро. Еўрарадыё сабрала самыя “смачныя” вакансіі для маладых спецыялістаў.

Менш выпускнікоў возьме Мінскі аўтамабільны завод. Але зусім адмаўляцца ад размеркаваных прадпрыемства не будзе.

"З улікам падзення аб'ёмаў вытворчасці, можа, будзе менш. Але маладая кроў мусіць быць пастаянна", —  адказваюць у аддзеле кадраў. Гэты завод з лютага працуе чатыры дні на тыдзень.

"Гомсельмаш", які ў 2015-м сабраў 146 камбайнаў (гэта пятая частка таго, што збіралі год таму), нечакана хоча яшчэ болей выпускнікоў універсітэтаў.

"Нам яшчэ не зацвердзілі спісы ў Мінпраме, але не менш, чым летась. Можа, нават больш. Скарачэнняў пакуль няма", —  "супакойваюць” Еўрарадыё ў аддзеле кадраў. На складах у прадпрыемства 138 камбайнаў, па дадзеных Белстат за мінулы год.

Размеркаванне выпускнікоў, якія вучыліся 4,5 гады, ужо прайшло ў Тэхналагічным універсітэце. Усіх размеркавалі, але было няпроста: "Мы размеркавалі ўсіх. але з цяжкасцю. Ёсць зараз праблемы ў прадпрыемстваў", — апісваюць сітуацыю ў гэтай ВНУ.

Паглядзім, ці атрымаецца ўсіх размеркаваць праз два месяцы. Тэарэтычна ўніверсітэты могуць даць свабодны дыплом, калі няма вакансіі па канкрэтнай прафесіі выпускніка. Але такая практыка ў вну не распаўсюджана. Звычайна, калі выпускнік не прынёс сам запыт з працы ці не ажаніўся, яго размяркоўваюць нават па сумежнай спецыяльнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі