Трамп на сустрэчы з Пуціным: "Не ўмешвайся ў выбары, калі ласка"

Трамп на сустрэчы з Пуціным: "Не ўмешвайся ў выбары, калі ласка"

У японскай Осацы на палях саміту "Вялікай двадцаткі" адбылася двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў Расіі і ЗША Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа. Як перадае Бі-Бі-Сі, перамовы працягваліся паўтары гадзіны. 

Яшчэ да пачатку перамоваў журналісты спыталі Трампа, ці будзе ён абмяркоўваць з Пуціным умяшальніцтва ў амерыканскія выбары. Прэзідэнт ЗША засмяяўся і сказаў расійскаму калегу: "Не ўмешвайся ў выбары, калі ласка".

Па заканчэнні сустрэчы ў Белым доме заявілі, што Трамп і Пуцін абмеркавалі сітуацыю ў Іране, Сірыі, Венесуэле і Украіне. "Прэзідэнты дамовіліся працягнуць дыскусіі па мадэлі кантролю над узбраеннямі XXI стагоддзя, якая, як заявіў прэзідэнт Трамп, павінна ўключаць Кітай", — гаворыцца ў заяве Белага дома.

Трамп і Пуцін сустракаліся ўжо трэці раз. Першая іх сустрэча адбылася ў Гамбургу 7 ліпеня 2017 года — таксама на саміце G20. Другі раз кіраўнікі ЗША і Расіі бачыліся амаль год таму — на саміце ў Хельсінкі 16 ліпеня 2018 года.  

Запланаваная сустрэча Трампа і Пуціна на саміце G20 у Буэнас-Айрэсе на пачатку снежня 2018-га сарвалася: Трамп адмовіўся ад сустрэчы пасля таго, як Расія затрымала ўкраінскіх маракоў у Керчанскім праліве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі