Трамп увёў гандлёвыя пошліны супраць Канады, Мексікі і Кітая

Прэзідэнт Дональд Трамп гутарыць з журналістамі ў Белым доме ў Вашынгтоне, акруга Калумбія, 30 студзеня / Getty Images
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб увядзенні новых тарыфаў на імпарт з Канады, Мексікі і Кітая, спасылаючыся на неабходнасць барацьбы з нелегальнай міграцыяй і наркатрафікам. Пошліны складуць 25% на тавары з Мексікі і Канады, за выключэннем канадскіх энергарэсурсаў (10%), а таксама 10% на кітайскі імпарт. Акрамя таго, зачыняецца шчыліна, якая дазваляла бязмытны ўвоз дробных тавараў коштам да 800 даляраў.
Рэакцыя партнёраў рушыла ўслед неадкладна: прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трюдо абвясціў аб увядзенні ў адказ 25% пошлін на амерыканскія тавары, якія закранаюць алкаголь, прадукты, адзенне і мэблю. Прэзідэнт Мексікі Клаўдыя Шэйнбаум таксама заявіла аб планаваных эканамічных мерах у адказ. Кітай падаў скаргу ў Сусветную гандлёвую арганізацыю і рыхтуе контрмеры.
Эканамісты і прадстаўнікі бізнэсу папярэджваюць, што новыя пошліны прывядуць да росту коштаў на аўтамабілі, прадукты, электроніку і паліва. Нягледзячы на магчымыя негатыўныя наступствы, Трамп настойвае, што гэтая мера зробіць эканоміку ЗША "больш моцнай і багатай". Пошліны ўступаюць у сілу 4 лютага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.