Тры тураўтобусы з Віцебска ў Расіі прынялі за тэхніку "вагнераў"

Тураўтобусы з Віцебска не маглі выехаць з Расіі падчас "мяцяжу Прыгожына" / viciebsk.cc
Тураўтобусы з Віцебска не маглі выехаць з Расіі падчас "мяцяжу Прыгожына" / viciebsk.cc

Падчас "мяцяжу Прыгожына" каля ста турыстаў з Віцебшчыны на трох аўтобусах трапілі ў дарожную пастку на трасе М4. Пра гэта "Народным навінам Віцебска" расказаў прадстаўнік адной з туркампаній.

Чатыры тураўтобусы вярталіся з Краснадарскага краю ў Віцебск. Адзін з іх паспеў праскочыць трасу М4 да пачатку бунту. Астатнія тры аўтобусы апынуліся заблакаваныя ў калоне транспарту непадалёк ад Мілерава (Растоўская вобласць РФ), калі трасу М4 перакрылі.

Міма спыненага грамадзянскага транспарту ішла тэхніка з войскамі. У аднаго з турыстаў, які паліў на вуліцы і размаўляў па відэасувязі, вайскоўцы забралі і разбілі смартфон.

Пасля 12 гадзін стаяння ў калоне віцябляне звярнуліся ў аддзяленне беларускай амбасады ў Растове-на-Доне. Дыпламаты дамовіліся, каб турыстам дапамог мэр Мілерава, які змог вызваліць іх з пасткі і прывезці ў свой горад.

Пасля гэтага аўтобусы паехалі на Маскву вакольнымі дарогамі праз Тамбоўскую вобласць. Але пільныя расіяне заўважылі на прасёлкавых дарогах тры аўтобусы з замежнымі нумарамі, якія рухаюцца ў бок сталіцы, і палічылі, што гэта едуць "вагнеры".

Паліцыя абвясціла план "Перахоп" на беларускія тураўтобусы. Іх блакавалі некалькі патрульных машын. Толькі пераканаўшыся, што гэта едуць беларускія турысты, а не мяцежнікі, дарожная паліцыя адпусціла іх.

У Маскву турыстам удалося дабрацца каля абеду 25 чэрвеня. Адтуль яны адправіліся на радзіму, а беларускую мяжу перасяклі ўжо бліжэй да ночы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі