Тры жыхары Бабруйска правялі ў цэнтры Мінска адзіночныя пікеты
У Мінску 12 траўня адбыліся тры адзіночныя пікеты. Усе іх зладзілі жыхары Бабруйска. Апоўдні пенсіянер Аляксандр Каваленка правёў адзіночны пікет у скверы каля сталічнай ратушы. Ён пратэставаў супраць адказаў не па сутнасці з органаў суда і пракуратуры, перадае БелаПАН.
Актывістка грамадскай ініцыятывы "Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры" юрыст Тамара Сяргей распавяла, што Каваленка прыехаў зранку ў Мінск, каб трапіць на асабісты прыём да намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерыя Міцкевіча. Хаця пенсіянер загадзя напісаў адпаведную заяву, у адміністрацыі заявілі, што ніхто з чыноўнікаў сёння не прымае, бо "не знайшлося ні аднаго грамадзяніна, які б звярнуўся з пытаннем у межах кампетэнцыі Адміністрацыі прэзідэнта". Юрыстка кажа, што на сённяшні прыём пісалі заявы некалькі чалавек, і ўсе атрымалі адмовы.
Не дабіўшыся прыёму ў прэзідэнцкай адміністрацыі, Каваленка зладзіў пікет у цэнтры Мінска. Каля ратушы ён разгарнуў плакат з надпісам "Чыноўнікі суда, дайце адказы на пытанні майго сына і яго адваката. Хопіць хавацца за адпіскамі". Паведамляецца, што Каваленка і яго жонка больш за 10 гадоў дамагаюцца перагляду справы іх сына Ігара, якога асудзілі на 25 гадоў зняволення за забойства і разбой. Паводле касацыі, тэрмін пакарання быў зніжаны да 18 гадоў. Бацькі лічаць сына невінаватым.
Самога Аляксандра Каваленку падчас барацьбы за сына таксама асудзілі. Яго абвінавацілі ў распўсюдзе наркотыкаў. У калоніі ён правёў тры гады і два месяцы, перанёс цяжкую форму інфаркту. Потым Каваленку старэйшага апраўдалі і рэабілітавалі, нават выплацілі матэрыяльную кампенсацыю. Цяпер бацька змагаецца за апраўданне сына.
Таксама паўгадзінныя пікеты ў Мінску правялі бабруйчанкі Любоў Станкевіч і Вольга Юнкевіч. "У Станкевіч грамадзянская справа, звязаная са звальненнем. Ёсць тры пратэсты з пракуратуры, у тым ліку два з Генпракуратуры, але справа дагэтуль засталася не перагледжанай. Юнкевіч выйшла на пікет з-за грамадзянскай справы, у выніку якой дом, які яна калісьці пабудавала, быў падзелены на тры кватэры. Цяпер яна вымушаная змагацца за свае жыллёвыя правы", — распавяла юрыст.
Па словах Тамары Сяргей, за пікетамі назіралі і здымалі на відэакамеру чатыры супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.