Туркменскую вечарыну з “рускімі дзяўчатамі” адмянілі

Рашэнне адмяніць мерапрыемства адміністрацыя клуба прыняла вечарам 21 кастрычніка, у дзень публікацыі інфармацыі аб ім на навінавых сайтах. Прычынай адмены называюць масавую незадаволенасць інтэрнэт-карыстальнікаў.


Вось што распавялі Еўрарадыё ў клубе:



“Імпрэза адмененая. Таму я не бачу сэнсу звязвацца з арганізатарамі… Прычына адмены — масавая незадаволенасць у інтэрнэце. Вельмі масавая. Таму, каб пазбегнуць інцыдэнтаў, мы вырашылі адмяніць імпрэзу”.



Прычынай незадаволенасці карыстальнікаў сацсетак стала ў асноўным тое, што туркменскія студэнты збіраліся паклікаць на сваё закрытае свята “рускіх дзяўчат”.


“Turkmen party — гэта не толькі закрытая вечарынка для студэнтаў з Туркменістана, але і месца, дзе можна сустрэць новых сяброў, правесці добра час у сваёй кампаніі, а самае галоўнае — адсвяткаваць дзень незалежнасці Туркменістана ў коле сваіх і станчыць свой каронны танец — лезгінку — разам. Вас чакае самае незабыўнае шоу, аб якім туркменскі студэнт мог толькі марыць. Удзельнічаюць толькі студэнты з Туркменістана і рускія дзяўчыны”, — такім чынам арганізатары рэкламавалі сваю імпрэзу.



У выніку форумы і старонка падзеі “вконтакте” проста кішэлі, далікатна кажучы, неталерантнымі выказваннямі на адрас арганізатараў і будучых удзельнікаў святкавання. Бліжэй да вечара 21 кастрычніка адміністратары закрылі для агульнага прагляду старонку падзеі “вконтакте”. Аднак ад адмены гэты крок мерапрыемства не выратаваў.



Зараз у клубе “Зебра” гавораць, што не маглі такой рэакцыі нават уявіць. Маўляў, мінулы раз імпрэза прайшла спакойна. А сёлета яе вырашылі адмяніць на ўсякі выпадак.



“Ведаеце, у мінулым годзе ў нас праходзіла туркменская вечарына. І тады ніякіх інцыдэнтаў не было, усё прайшло спакойна. Калі б мы ведалі, што зараз такое будзе, то нават не пачыналі бы яе рыхтаваць”, — кажуць у клубе.



Пакуль невядома, ці знойдуць туркменскія студэнты Віцебска замену. Адмена імпрэзы праз “масавую незадаволенасць інтэрнэт-карыстальнікаў” для Беларусі з’ява ўнікальная.


 

Туркменскі студэнт пра затрыманых суайчыннікаў: “Па-руску ― ні а, ні бэ”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі