Тут любяць друкаваць грошы: што агульнага ў Беларусі і Зімбабвэ
Лукашэнка і прэзідэнт Зімбабвэ Мнангагва / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Гадамі Аляксандр Лукашэнка расказвае пра перспектывы працы з Афрыкай, а нядаўна наведаў Зімбабвэ. З гэтай краінай яго "радніць" не толькі бізнес, які там вядуць яго набліжаныя, але і эканамічная палітыка Зімбабвэ. Там таксама любяць загадваць цэнам спыніцца, і гэтак жа, як і Беларусь, Зімбабвэ неаднаразова перажывала дэнамінацыю.
Еўрарадыё ўспомніла, як гэта адбывалася ў нас і ў афрыканскага партнёра.
Мільёны сталі рублём
Дэнамінацыя — гэта тэхнічны працэс, які не ўплывае на эканамічную сітуацыю. Па сутнасці, такая працэдура патрэбная, каб у грошай быў адэкватны намінал і не было жартаў пра тое, што беларусы — мільянеры, а на гэтыя мільёны цяжка пражыць.
Дэнамінацыя можа быць вынікам інфляцыі, калі цэны растуць і даводзіцца дадрукоўваць купюры буйнейшага наміналу.
За гісторыю незалежнай Беларусі дэнамінацыя здаралася тройчы. Першы раз — у 1994 годзе. У той год інфляцыя склала 1950%. Тады ў Беларусі хадзілі "зайчыкі", якім "адрэзалі" адзін нуль. Так прайшла першая дэнамінацыя.
Калі ў 2000 годзе было вырашана правесці яшчэ адну дэнамінацыю, беларусы ўжо былі мільянерамі. У 1999 годзе "зайчыкі" былі замененыя іншымі грашыма, і ў беларусаў была, напрыклад, такая купюра, як 5 мільёнаў рублёў.
Але гэтая паперка таксама хутка абясцэньвалася. Таму здарылася новая дэнамінацыя, якая забрала ў беларускіх грошай тры нулі. 5 мільёнаў ператварыліся ў 5 тысяч рублёў.
Так беларусы пражылі да сярэдзіны 2016 года, але прыйшлі да гэтага часу з аслабелым рублём. У 2011 годзе ён абясцэніўся ў тры разы. Інфляцыя тады склала 108% за год. З'явілася купюра наміналам 200 тысяч рублёў.
Нешта відавочна ішло не так, і грошы трэба было "скарачаць". У 2013 годзе сам Лукашэнка прызнаўся, што новыя грошы ўжо надрукаваныя. Праўда, уводзіць іх чыноўнікі не спяшаліся, спасылаючыся на тое, што спачатку эканоміку трэба прывесці ў парадак.
— Не мусіць быць такая працэнтная стаўка, не мусіць быць трывог на рынку, каб насельніцтва не хвалявалася, — казаў Лукашэнка.
І, нарэшце, у ліпені 2016 года ўказ Лукашэнкі адсек чатыры нулі грошай, што былі ў абарачэнні. 5 тысяч беларускіх рублёў сталі 50 капейкамі. То-бок цяперашні рубель — гэта старыя 10 тысяч рублёў.
Атрымліваецца, толькі за дзве апошнія дэнамінацыі 10 мільёнаў ператварыліся ў 1 рубель.
Трыльёны долараў не дапамагалі жыць лепш
За апошнія дзесяцігоддзі ў Зімбабвэ таксама адбылося тры дэнамінацыі. Ці адна ў тры этапы, як гэта назвалі ўлады Зімбабвэ. Спатрэбілася яна праз рост інфляцыі. Яе рэзкі ўздым супаў з пачаткам больш агрэсіўнай палітыкі зямельнай рэформы ў 2000-я гады.
Хоць Зімбабвэ атрымала незалежнасць ад Вялікабрытаніі ў 1980 годзе, многія ўрадлівыя землі ўсё яшчэ належалі белым еўрапейцам. Рэформа прадугледжвала, што зямля ад белых фермераў мусіць хутчэй пераходзіць да цемнаскурага насельніцтва. Было шмат блытаніны і нават гвалт. У выніку пачаўся заняпад у сельскай гаспадарцы, што падарвала экспарт і прывяло да росту цэн. Акрамя таго, Зімбабвэ ўдзельнічала ў вайне ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.
У выніку ў 2001 годзе інфляцыя перасягнула 100% і толькі расла. А ўлады пачалі на ўсю моц друкаваць грошы.
У 2019 годзе Зімбабвэ зноў пачала карыстацца нацыянальнай валютай, праўда, яе курс да замежных валют з самага пачатку хутка падаў. Праблемы інфляцыі таксама нікуды не падзеліся, таму летам 2022 года ў Зімбабвэ з'явіліся залатыя манеты, якія мусілі дапамагчы стрымаць інфляцыю. Іх кошт роўны рынкаваму кошту самога золата, а не наміналу, які намаляваў цэнтральны банк.
Па выніках снежня 2022 года гадавая інфляцыя ў Зімбабвэ склала амаль 240%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.