"Тут табе не лякарня". Як трапіць у мінскі ізалятар і не памерці

"Тут табе не лякарня". Як трапіць у мінскі ізалятар і не памерці

У вязняў ізалятара на мінскай вуліцы Акрэсціна час ад часу ўзнікаюць праблемы са здароўем. Па-першае, "надаваць па рэбрах" могуць падчас затрымання. Па-другое, трапляюць за краты і людзі з хранічнымі захворваннямі, ім стрэс не ідзе на карысць.

"Тут табе не лякарня". Як трапіць у мінскі ізалятар і не памерці

"У нас уся камера была з вышэйшай адукацыяй: акрамя мяне — два настаўнікі гісторыі, дзядуля-альпініст і музыка, Аляксандр Хаўкін. Пра яго хачу асобна сказаць. Яму не на судзе стала дрэнна... Мы з ім на суд ехалі ў адным адсеку аўтазака, — распавядае мінчук Яўген Жукавец. — Я яго курткай прыкрываў, бо яго ўжо трэсла. А да гэтага ён два дні прамучыўся з намі ў камеры. Думаю, з прыкметамі дыябету.

І я, і іншыя прасілі для яго медыцынскай дапамогі. Але ніякай адэкватнай дапамогі не было. Праз гадзіну-паўтары пасля выкліку прыходзілі фельчары, глядзелі яго. Далі яму на дзень літр салодкай вады, і карвалольчыку накапалі. Груба кажучы, давялі яго да такога стану, што ў судзе ён не трымаўся на нагах".

Гукарэжысёр Аляксандр Хаўкін, колішні скрыпач гурта "Крамбамбуля", быў затрыманы ў Мінску падчас Дня Волі. Яшчэ ў будынак Ленінскага РУУС яму выклікалі машыну хуткай дапамогі. Але, нягледзячы на тое, што шмат каго з затрыманых яшчэ ў дзень акцыі выпусцілі без складання пратаколаў, Хаўкіна вырашылі судзіць — і пакінулі на Акрэсціна — у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

 

"Тут табе не лякарня". Як трапіць у мінскі ізалятар і не памерці

"Медыцынскі агляд [на ўваходзе ў ізалятар] выглядае так: кладзецца аркуш-апытальнік, дзе трэба падкрэсліць патрэбнае. Прычым, варыянтаў там не шмат, — распавядае Еўрарадыё Аляксандр Хаўкін. — Калі я заікнуўся пра свой нізкі цукар, мне сказалі: "У нас такой графы няма! У вас дыябет?". Я кажу: "Дзякаваць богу, не!". На гэтым медыцынская дапамога скончылася. На наступны дзень мне некалькі разоў выклікалі ў камеру дзяжурных медыкаў. Прыходзілі дзяўчынкі-практыканткі. Зрабілі ўсё, што змаглі".

Літра салодкай вады Хаўкіну амаль хапіла, каб пратрымацца нядзелю. А раніцай у панядзелак мусіў адбыцца суд.

"Раніцай у панядзелак нас перад сняданкам выгналі на праверку. На пытанне пра медыцынскія скаргі я папрасіў што-небудзь салодкае. І мілая жанчына гадоў 60-ці з такой добрай усмешкай сказала: "А давайце я вам у краму за шакаладкай збегаю!", што я спачатку паверыў", — дадае Аляксандр Хаўкін.

Увечары 25 сакавіка карэспандэнт Еўрарадыё бачыў побач з ізалятарам машыну хуткай дапамогі. З размоваў, якія дактары вялі з супрацоўнікамі ЦІПа, вынікала, што яна прывезла туды дзяжурнага фельчара. Але машына з'ехала. "Хуткая" побач з ізалятарам не дзяжурыць, у выпадку чаго яе давядзецца выклікаць і чакаць.

Асобная група "жыхароў" ізалятара — тыя, хто абвяшчае галадоўку і не пагаджаецца харчавацца казённай ежай. Іх здароўе, натуральна, знаходзіцца пад большай пагрозай.

Марына Насенка — дзяўнына анархіста Вячаслава Касінерава, затрыманага пасля "Маршу недармаедаў" 17 лютага, апынулася ў мінскім ізалятары, калі прынесла свайму хлопцу перадачу. Яе асудзілі на 12 сутак арышту, якія яна правяла ў Мінску і ў Жодзіна. 

"Тут табе не лякарня". Як трапіць у мінскі ізалятар і не памерці

"Да галадаючых было асаблівае стаўленне, — распавядае дзяўчына. — Адзін хлопец страціў прытомнасць, мясцовая доктарка дала таблетку, і чалавека пакінулі ў камеры. "Хуткую" не выклікалі. На тое, што аднімаюцца ногі, адказвалі: "Ты ж яшчэ дыхаеш. І ўвогуле, сам вінаваты. Табе тут не лякарня".

Магчымасць перадаць лекі ў ізалятар ёсць — пра гэта напісана на дзвярах установы. Але зрабіць гэта няпроста: таблеткі прымаюцца "толькі па прызначэнні фельчара з ІЧУ".

"Тут табе не лякарня". Як трапіць у мінскі ізалятар і не памерці

Як атрымаць гэтае прызначэнне? "У паліклініцы бераце эпікрыз у доктара, што такі і такі мае неабходнасць у пастаянным прыёме. Там мусіць быць распісана, якія таблеткі, як прымаць: колькі разоў на дзень, якая дазіроўка, — распавядаюць Еўрарадыё ў ізалятары. — І з гэтымі таблеткамі і эпікрызам — калі ласка, прыязджаеце, прывозіце. Таблеткі мусяць быць запячатаныя, у завадской упакоўцы".

Калі ў затрыманага будуць з сабой патрэбныя таблеткі, але не будзе эпікрызу — ёсць вялікая верагоднасць, што на час зняволення чалавек застанецца без патрэбных медыкаментаў. Таму, на думку Еўрарадыё, калі вы збіраецеся і далей удзельнічаць у пратэстах — на ўсялякі выпадак варта запісацца да тэрапеўта і зрабіць паперу з пералікам усіх захворванняў і сродкаў ад іх.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі