Tut.by: КДБ затрымаў Юрыя Чыжа і ўсё кіраўніцтва "Трайпла"
КДБ затрымаў бізнесмена Юрыя Чыжа і ўсё кіраўніцтва кампаніі "Трайпл". Пра гэта паведамляе партал tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы. Аднак афіцыйнага пацверджання пакуль няма.
Паведамляецца, што ў "Трайпле" былі "класічныя "маскі-шоў". Адзначаецца, што санкцыю на затрыманне Чыжа мог даць толькі кіраўнік дзяржавы. У кампаніі, як і КДБ, tut.by каментароў атрымаць не змог.
БелаПАН дадае, што каля офіса "Трайпла" ўвечары 11 сакавіка стаялі мікрааўтобусы, каля іх знаходзіліся людзі ў чорным. У офісе гарэла святло. Магчыма, ішоў ператрус.
Юрый Чыж — адзін з самых вядомых беларускіх бізнесменаў, ён — чалавек, якога лічаць набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі.
ДАВЕДКА Еўрарадыё:
Чыж Юрый Аляксандравіч нарадзіўся 28 сакавіка 1963 года ў Бярозаўскім раёне у вёсцы Сабалі, гендырэктар ТАА "Трайпл". Па версіі інтэрнэт-выдання "Ежедневник", займае другое месца ў рэйтынгу 200 самых паспяховых бізнесменаў Беларусі. Старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы і старшыня назіральнага савета ФК "Дынама" (Мінск). Скончыў палітэхнічны інстытут (цяпер БНТУ), працаваў на МТЗ. Кампанія "Трайпл" з'явілася ў 1992 годзе.
Чыж быў у "чорным спісе" ЕС, як чалавек, які аказваў фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі праз кампанію "Трайпл".