“А ў 13:36 ужо ўсё. Усё!” Што вядома пра следчага, які загінуў у Стоўбцах
“Трэба ехаць купляць труну, касцюм купляць, рэчы ўсе купляць трэба... Сказалі ў тры гадзіны забраць з морга”, — дрыжачым голасам распавядае Ганна Іванаўна, цётка стаўбцоўскага следчага Станіслава Беця. Днём 28 лютага міліцыя Мінскай вобласці аб'явіла 21-гадовага хлопца зніклым. Увечары таго ж дня на сайце ведамства з'явілася інфармацыя, што ён знойдзены мёртвым.
4 сакавіка Станіславу Бецю споўнілася б 22 гады. Родныя кажуць, што па раёне папаўзлі чуткі пра самагубства — маўляў, хлопца знайшлі на выездзе са Стоўбцаў павешаным. Але Следчы камітэт гэтую інфармацыю не пацвярджае.
“Мы [таксама] не верым, ён на такое не здольны. Ніхто не верыць. Прыходзілі аднавяскоўцы і сёння, і ўчора, падтрымлівалі. Ніхто не верыць, — працягвае Ганна Іванаўна. — Яго знайшлі на выездзе са Стоўбцаў, каля знака “Шчаслівай дарогі”, як ехаць на Дзераўную. Там яшчэ Стоўбцыгаз”.
Дзераўная Стаўбцоўскага раёна — родная вёска Станіслава Беця, там ён вырас. Еўрарадыё высветліла, што загінулы быў следчым — працаваў у стаўбцоўскім СК. Аднакурснік Станіслава Беця распавёў Еўрарадыё, што хлопец скончыў Акадэмію МУС толькі летам 2018 года ў званні лейтэнанта. Па размеркаванні Бець паехаў працаваць у Стоўбцы, следчым у аддзел эканамічных злачынстваў.
Адзін са школьных сяброў загінулага Станіслава Беця кажа, што хлопец быў спакойны і неканфліктны:
“Ну, сам ён з добрай сям'і. Мама — настаўніца пачатковых класаў, бацька кабельшчык у “Белтэлекаме”. Ёсць старэйшая сястра. Стас у школе быў харашыст, заўсёды на алімпіяды ездзіў — па гісторыі і фізіцы”.
Як распавялі Радыё “Свабода” знаёмыя хлопца, апошнія ночы перад знікненнем ён праводзіў на працы і не начаваў у пакоі, які здымае. Абласная міліцыя паведамляе, што цела Беця знойдзенае ў лясным масіве недалёка ад Стоўбцаў. Як ён там апынуўся? Распачатая праверка.
Следчы загінуў падчас перапынку на абед
Як даведалася Еўрарадыё, 27 лютага ў 13:28 Станіслаў Бець выйшаў з будынка Стаўбцоўскага РУУС. Звычайна прыкладна ў гэты час следчы хадзіў на абед у сталовую.
“А ў 13:36 ужо ўсё. Усё! — распавядае Ганна Іванаўна, ледзьве стрымліваючы слёзы. — Я палічыла: восем хвілін!”
У 15:00 Станіслаў павінен быў вярнуцца на працу, у яго быў запланаваны допыт. Але хлопец не вярнуўся.
Чуваць, як у тэлефон кажа маці Станіслава: “Ён быў адказны-адказны! Добрасумленны!”.
“Ён станоўча ставіўся да беларускай мовы, я ў яго класе выкладала мову, літаратуру і геаграфію. Ён вельмі любіў творы па беларускай літаратуры чытаць, любіў аналізаваць і разважаць на ўроках. Калі, напрыклад, выклічу яго на ўроку, то ён мог увесь урок гаварыць. Разважлівы быў хлопец. Што пачынаў, тое заўсёды да канца даводзіў”, — працягвае Ганна Іванаўна.
Праца-праца-праца...
У Стоўбцах Стас здымаў кватэру разам з сябрам Андрэем. Хлопцы вучыліся ў адным класе, пасля разам паступілі ў Акадэмію МУС, разам размеркаваліся ў Стаўбцоўскі раённы аддзел Следчага камітэта. Андрэй працуе ў СК у аддзеле дарожна-транспартных здарэнняў.
Па словах Ганны Іванаўны, у мінулую нядзелю, 24 лютага, Станіслаў не прыехаў дадому, таму маці перадавала яму ссабойку праз Андрэя.
“Праца-праца-праца… Праца ў яго вельмі адказная, яму было не да дзяўчат. Я тэлефаную сястры, пытаюся, як там Станіслаў. А ён на дзяжурстве. Мы разам у школе працуем настаўніцамі, на працы зноў пытаюся: як там Станіслаў? А яна кажа: "Ой, пані, няма часу нават дадому прыехаць. Дзяжурствы, дзяжурствы, праца, пратаколы"”.
Станіслаў заўсёды марыў працаваць у Следчым камітэце, хаця маці прапаноўвала яму іншыя варыянты.
“Прапаноўвала яму і на інжынера паступаць, і на сувязіста, і на настаўніка гісторыі, але ў яго была мара — абараняць айчыну, хацеў менавіта паступіць у МУС. Ён любіў фільмы глядзець пра афіцэраў і казаў, што хоча гэтак жа сама”.
Ганна Іванаўна зноў замаўкае, слухае сястру і перадае мне яе словы:
“Ірына была ў яго дома, гаварыла, што на сушылцы так акуратненька ляжаць усе гэтыя кашулькі... Ён любіў парадак і чысціню, заўсёды быў элегантны. Ён вучыўся на павышаную стыпендыю, быў адказны, добрасумленны. Цяжка гаварыць… Я не разумею, я не веру… Ён любіў жыццё, любіў свет. Ён ніколі нічога не распавядаў пра працу, заўсёды казаў: "Вам не трэба гэтага ведаць"”.
Станіслава Беця пахаваюць у суботу, 2 сакавіка а 15-й гадзіне на мясцовых могілках.
“Так сказаў ксёндз. Ірына Іванаўна жыве недалёка ад касцёла, праз дзве хаты. І калі прыязджаў Станіслаў, яны заўсёды хадзілі да касцёла. Мы веруючая сям’я, мы католікі”.
Афіцыйна: загінуў следчы, праводзіцца праверка
Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова пацвердзіла Еўрарадыё смерць хлопца.
“Так, сапраўды, учора ў Стаўбцоўскім раёне было знойдзенае цела следчага стаўбцоўскага раённага аддзела Следчага камітэта. Па дадзеным факце цяпер праводзіцца даследчая праверка і выяўляюцца ўсе абставіны. Следчы камітэт выказвае спачуванні родным і блізкім”.