У 35 гадоў памёр акцёр мінскага Маладзёжнага тэатра Гарык Вепшкоўскі
У 35 гадоў памёр акцёр мінскага Маладзёжнага тэатра Гарык Вепшкоўскі, паведамляе TUT.by. У суботу ён прыехаў у Брэст да бацькоў, але раптоўна падняўся ціск — з дзяцінства былі праблемы з сэрцам. У панядзелак Вепшкоўскі наведаў лекараў, яму збілі ціск. Пасля зноў стала кепска. Акцёра завезлі ў прыватны медцэнтр, дзе параілі папіць лекі і адправілі дахаты. А ўначы падчас сну ён памёр.
Дакладную прычыну смерці назаве прызначаная экспертыза.
Гарык Вепшкоўскі — ураджэнец Брэста, скончыў там музычны каледж імя Рыгора Шырмы. Спачатку працаваў у Брэсцкім тэатры драмы, у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. У 2018-м Вепшкоўскі ўладкаваўся ў мінскі Маладзёжны тэатр. Ён здымаўся ў серыялах і нават зняў кароткаметражны фільм. У яго былі вялікія творчыя планы, якія застануцца нерэалізаванымі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.