У дачыненні да фігуранта закрытай справы "Белага легіёна" пачалі новую справу

У дачыненні да фігуранта закрытай справы "Белага легіёна" пачалі новую справу

У дачыненні да аднаго з фігурантаў нядаўна закрытай справы "Белага легіёна" ("справы патрыётаў") пачалі новую крымінальную справу. Нібыта, падчас ператрусу ў мастака-дызайнера 35-гадовага Андрэя Бяляўскага знайшлі боепрыпас. Як інфармуе сайт spring96.org, справу распачалі па артыкуле "Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і г. д." (ч. 2 арт. 295 КК). Цікава, што рашэнне аб распачацці крымінальнай справы ў адносінах Бяляўскага цэнтральны апарат СК прыняў 27 лістапада, у дзень, калі закрылі справу "Белага легіёна".

Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 28 сакавіка. Яго абвінавачвалі ў "навучанні і падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках". Аднак 2 чэрвеня маладога чалавека вызвалілі. А на мінулым тыдні стала вядома, што справа закрытая.

Праваабаронцы маюць неафіцыйную інфармацыю, што выпадак з Бяляўскім не адзіны. Нібыта, ёсць яшчэ адзін падазраваны ў захоўванні боепрыпасаў і ён таксама раней праходзіў па справе аб падрыхтоўцы "масавых беспарадкаў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі