У аграсядзібе амапаўцы паклалі ўсіх, у тым ліку пенсіянераў, тварам у траву

Аграсядзіба "Стулы" на Пружаншчыне / Калаж Еўрарадыё
Аграсядзіба "Стулы" на Пружаншчыне / Калаж Еўрарадыё

Сталі вядомыя падрабязнасці здарэння на Пружаншчыне, дзе днямі ў аграсядзібе "Стулы" брэсцкія амапаўцы сарвалі спектакль беларускага народнага тэатра лялек "Батлейка". У выніку праверкі тэлефонаў і апытанняў было затрымана шэсць з амаль 30 гледачоў. Вядома, што ўладальніцу аграсядзібы "Стулы" Ларысу Быцко асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".

"На кульмінацыі прадстаўлення дзверы балагана рэзка рванулі, а потым — як у лепшых сцэнарах АМАПа: ліхтарыкі, шчыт, ствалы, крыкі "Всем лежать!", "Лицом в пол!", "Руки вверх!"..., расказвае праваабаронцам адзін са сведак. — Дзеці спалохаліся. Дарослыя запалі ў здранцвенне, не разумеючы, што адбываецца і мяркуючы, што ўбачанае — нечаканая частка спектакля... Амапаўцы крычалі, але ніхто так і не лёг на падлогу, таму што ў балагане для гэтага проста не было месца. Тады сілавікі вырашылі ўсіх гледачоў, акрамя дзяцей, вывесці на вуліцу. Усіх, у тым ліку пенсіянераў, паклалі на зямлю тварам у траву і мурашак, загадаўшы "Руки за голову".

Сведка мяркуе, што АМАП спадзяваўся патрапіць на "сход апазіцыянераў". А выявілася, што людзі прыехалі проста паглядзець спектакль: "Калі сілавікі гэта зразумелі, то пачалі мяняць свой тон: дазволілі жанчынам і пажылым падняцца з зямлі. Па адным мужчын адводзілі на апытанне і агляд тэлефонаў. Сілавікоў вельмі цікавілі аватаркі з украінскімі сцягамі альбо з спалучэннем жоўта-сіняга і бел-чырвона-белага колераў. Міліцыянеры пыталіся, ці даўно былі ва Украіне, ці падтрымліваеце сувязь з кімсьці з гэтай краіны, ці ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных мітынгах".

Сярод затрыманых апынуўся мужчына, які адмовіўся разблакаваць свой тэлефон.

Паколькі чацвёра з шасці затрыманых былі з Кобрына, іх павезлі на складанне адміністрацыйных пратаколаў у Кобрынскі РАУС, а гаспадыню аграсядзібы і яшчэ аднаго чалавека — у Пружанскі РАУС. На трое сутак усіх затрыманых змясцілі ў мясцовыя ізалятары часовага ўтрымання.

"Калі людзей загрузілі ў "Газэль", амапаўцы з'ехалі са словамі: "А все остальные свободны!", — кажа сведка. Перад гэтым яны паклалі на зямлю цікаўных суседзяў, якія прыйшлі паглядзець, што адбываецца ў аграсядзібе.

13 чэрвеня ў Кобрыні два чалавекі былі асуджаны на 7 сутак арышту за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў", яшчэ дваіх па заканчэнні 72 гадзін адпусцілі, але іх тэлефоны забралі "на экспертызы". Супрацоўнікі кобрынскага ІЧУ, нягледзячы на холад у ізалятары, адмаўляліся прымаць цёплае адзенне і перадачы для затрыманых.13 чэрвеня адбыліся працэсы і ў судзе Пружанскага раёна. Былі асуджаны Ігар Паляшэнка, які займаўся музычным афармленнем батлеечнага спектакля, і згаданая Ларыса Быцко.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі