У Арменіі павышаюцца кошты на электрычнасць пад згасанне пратэстных акцый

З 1 жніўня ў Арменіі павышаюцца кошты на электраэнергію. Цана за 1кВт.г. павялічыцца на 7 драм (каля 250 рублёў), і будзе складаць каля 50 драмаў (1 600 рублёў). Для параўнання, у сярэднім 1кВт.г. у Беларусі каштуе каля 900 рублёў.

Першапачаткова кампанія “Электрычныя сеткі Арменіі”, якая з’яўляецца "дачкой" расійскай “Інтэр РАО”, патрабавала павысіць тарыф на 17 драм, але дзяржаўнае рэгулюючае агенцтва спынілася на меншым значэнні. Цяпер урад, які паабяцаў субсідаваць насельніцтва, будзе вымушаны плаціць штомесяц 5,5-6,5 млн долараў, паведамляе Deutsche Welle.

Палітолаг Аляксандр Іскандаран распавёў Еўрарадыё, што гэта не выклікала рэзкай змены ў стаўленні да ўраду.

“Я не думаю, што моцна змянілася стаўленне насельніцтва да дзяржавы. Псіхалагічная легітымнасць уладаў і так даволі нізкая. На гэтым узроўні яна і засталася. Не думаю, што нешта змянілася”, — кажа палітолаг.

Кволыя акцыі пратэстаў у Ерэване перыядычна з’яўляюцца, але не ў такім маштабе, як напрыканцы чэрвеня. Армянскі палітолаг Сяргей Мінасян кажа, што акцыі пратэстаў ў краіне — гэта частка палітычнай культуры краіны.

“Гэта ўжо стала хобі для палітызаванай часткі моладзі. Час ад часу невялікая колькасць людзей пастаянна пратэстуе. Але масавых палітычных акцый на дадзены момант няма. Гэта лёгка тлумачыцца прынамсі тым, што на вуліцы цяпер каля 40 градусаў спёкі”.

На думку Аляксандра Іскандарана, па тых жа прычынах не варта чакаць вялікіх пратэстаў і ў жніўні.

У Ерэване вадамётамі і дубінкамі разагналі акцыю пратэсту, але выйшлі зноў

Але вулічныя акцыі ўсё ж прынеслі пэўныя вынікі. Так, напрыклад, Расія, верагодна, апасаючыся “каляровай рэвалюцыі”, здзейсніла ў бок Арменіі некалькі пэўных крокаў.

“Было аб’яўлена пра тое, што справа расійскага салдата Пермякова, які забіў армянскую сям’ю, перадаецца ад расійскага бока армянскаму, для разгляду, суда і гэтак далей”, — распавядае Аляксандр Іскандаран.

Таксама Расія заявіла аб прадастаўленні Ерэвану крэдыту ў 200 мільёнаў долараў на закупку расійскага ж ўзбраення па прымальных для Арменіі коштах.

Разам з тым, кошты на электрычнасць у Арменіі будуць павышацца. Эксперты звязваюць гэта з цэлым шэрагам фактараў, сярод якіх і неабходнасць мадэрнізацыі сістэмы электразабеспячэння.

Улады паабяцалі правесці міжнародны аўдыт “Электрычных сетак Арменіі” і цяпер пратэстоўцы чакаюць яго вынікаў, якія стануць вядомыя праз два-тры месяцы.

Фота: szona.org, photolure

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі