У бальніцы ў Акцябрскім зачынілі хірургічнае аддзяленне — няма спецыяліста

Бальніца ў Акцябрскім

Бальніца ў Акцябрскім / belmedsnab.by

У раённай бальніцы гарадскога пасёлка Акцябрскі зачыняюць хірургічнае аддзяленне, бо няма спецыяліста, піша "Флагшток".

Мясцовым жыхарам даводзіцца ездзіць да хірурга ў суседні райцэнтр — Светлагорск, гэта 70 кіламетраў ад Акцябрскага.

Блогеру Андрэю Павуку, які затэлефанаваў у лякарню і спытаў аб прычынах закрыцця аддзялення, адказалі: "Ёсць загад Гомельскага ўпраўлення аховы здароўя. Няма лекара-хірурга. Справа не ў заробку, а ў тым, што няма спецыяліста".

Паведамляецца, што мясцовая доктарка-хірург сышла ў дэкрэтны адпачынак. У раённай лякарні абвясцілі вакансію. Заробак, які прапануюць новаму спецыялісту, — ад 1,5 да 2,1 тысячы рублёў.

Дарэчы, у Акцябрскім няма і лекара-отарыналарынголага — яго шукаюць на прыкладна такі ж заробак.

Дэфіцыт медыцынскіх кадраў адчуваецца па ўсёй Беларусі. Як паведамляла Еўрарадыё, у 6-й мінскай клініцы з гэтай прычыны зачынілі аддзяленне гастраэнтэралогіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі