У банках адзначаюць рост цікавасці да захоўвання грошай у ячэйках
У некаторых банкаўскіх аддзяленнях свабодных ячэек няма зусім / Reuters
У першыя тры месяцы 2021 года беларусы працягнулі забіраць з банкаў тэрміновыя валютныя дэпазіты. З 1 студзеня яны зменшыліся на $200,7 млн і да 1 красавіка склалі $4,439 млрд. Магчыма, невялікая частка вынесеных з банка долараў была канвертаваная ў рублёвыя ўклады, аб'ём якіх злёгку вырас. Дзе людзі захоўваюць увесь астатні кэш, які апынуўся ў іх на руках?
Варыянтаў, па сутнасці, не так ужо і шмат. Частка грошай захоўваецца "ў матрацах". Па звестках Нацбанка, у першым квартале стала больш пераводаў за мяжу. Яшчэ частка магла вярнуцца ў банкі, але ўжо ў іншай якасці: як змесціва банкаўскіх ячэек.
— Бачу, што ячэек засталося не так шмат, — кажуць Еўрарадыё ў адным з аддзяленняў Беларусбанка, калі мы пытаемся, ці карыстаецца паслуга попытам. І гэта пры тым, што з банкаўскімі ячэйкамі за апошні час было звязана два гучныя скандалы: пра прапажу сродкаў з іх заявілі кліенты Белгазпрамбанка і Парытэтбанка.
Еўрарадыё вырашыла праверыць, ці засталіся ў банках свабодныя ячэйкі, а заадно — наколькі такая паслуга даступная ў беларускіх рэгіёнах. Мы разгледзелі паслугі васьмі буйных банкаў.
Беларусбанк
Усяго банк прапануе ячэйкі ў васьмі гарадах: Мінску, Пінску, Оршы, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Салігорску і Магілёве. Пры гэтым у Мінску нам кажуць, што пустых ячэек не так шмат, таму што апошнім часам гэта паслуга запатрабаваная. У Віцебску, Мазыры і Салігорску пустых ячэек няма зусім.
У двух апошніх супрацоўнікі кажуць, што выказаць здагадку, калі яны вызваляцца, немагчыма: "Гэта цалкам залежыць ад кліента, калі ён вырашыць перастаць карыстацца ячэйкай". У Віцебску адказваюць, што практыка паказвае, што месцы могуць вызваліцца праз тыдзень ці два.
Белінвестбанк
Белінвестбанк прапануе дэпазітарныя ячэйкі ў Мінску, Віцебску, Бабруйску і Мазыры. У Мінску і Віцебску Еўрарадыё кажуць пра наяўнасць свабодных месцаў.
Прыёрбанк
У Прыёрбанку завесці ячэйку можна ў Мінску, Віцебску, Брэсце, Баранавічах і Гродне. Мы звязаліся з мінскім і брэсцкім аддзяленнямі. Скарыстацца паслугамі захоўвання там прапануюць у любы зручны час.
БПС-Ашчадбанк
Сейф БПС-Ашчадбанка можна арандаваць у шасці гарадах: Брэст, Гомель, Мазыр, Гродна, Магілёў і Мінск. Свабодныя месцы дакладна ёсць у Брэсце, Мазыры, Магілёве і Мінску.
Белаграпрамбанк
З геаграфічнага пункту гледжання прапанаванне ячэек ад Белаграпрамбанка найбольш незвычайнае. Ячэек у Мінску ў прынцыпе не існуе, затое іх можна завесці ў 13 іншых гарадах Беларусі (Лунінец, Віцебск, Паставы, Полацк, Глыбокае, Гомель, Рэчыца, Жлобін, Гродна, Ліда, Смалявічы, Барысаў, Бабруйск). Мы звязаліся з васьмю аддзяленнямі. Ва ўсіх ёсць даступныя ячэйкі.
BSB-Bank
Паслуга індывідуальных сейфаў у BSB-Bank аказваецца толькі ў адным мінскім аддзяленні. Свабодных ячэек там няма.
БелВЭБ
У БелВЭБе захоўваць грошы ці дакументы пад замком можна толькі ў адным мінскім аддзяленні. Вольныя месцы ёсць, але іх адзінкі, кажа супрацоўніца банка. Цікавімся, а ці заўсёды так? Аказваецца, што ў апошнія месяцы цікавасць кліентаў да банкаўскіх ячэек вырасла.
Альфа-банк такой паслугі не аказвае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.