У Баранавічах за паслявыбарчыя пратэсты асудзілі яшчэ 9 чалавек
Суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна
У Баранавіцкім судзе з канца сакавіка разглядалі справу групы мясцовых жыхароў-удзельнікаў паслявыбарчых пратэстах 2020 года. Пра гэта стала вядома праваабаронцам. Фігурантамі справы былі 9 чалавек, у тым ліку дзве жанчыны. Суддзя Іна Паўлоўская прызнала іх вінаватымі ў "арганізацыі або актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Прысуд вынеслі ў канцы мінулага тыдня: Паўлоўская прызначыла ўсім пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі — ад 1 да 1,5 гадоў калоніі. Паўтара года калоніі прызначылі Эдуарду Апановічу і Аляксею Ляскоўцу. Дзмітрыя Абрамовіча, Алега Арцюха, Алега Сяргеева, Дзмітрыя Хута, Вячаслава Шкуцько, Алену Стахейка і Вольгу Тадро адправілі ў калонію на год.
Паводле версіі абвінавачання, усе яны ў жніўні 2020 года "выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, перашкаджалі руху транспартных сродкаў і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў і арганізацый". Нагадаем, крыху раней за падзеі тых жа дзён асудзілі яшчэ 8 жыхароў Баранавічаў. Ім прысудзілі ад 1 да 3 гадоў калоніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.