3 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень Незалежнасці

3 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень Незалежнасці

3 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень Незалежнасці — галоўнае афіцыйнае свята. Сёлета агульнай культурнай дамінантай святкаванняў зрабілі тэму вышыванкі, якая з’яўляецца сімвалам беларускай нацыі.

Галоўнай падзеяй стане ваенны парад ля абеліска “Мінск — горад-герой” на праспекце Машэрава. Першапачаткова планавалася, што ён пачнецца ў 11.00, але затым яго перанеслі на 10.00 з-за моцнай спёкі — у Мінску сёння прагназуецца да +30. У парадзе прымуць удзел каля 5 тысяч чалавек — гэта курсанты навучальных установаў сілавога профілю, а таксама прадстаўнікі розных родаў войскаў, МНС, спецназу і іншых падраздзяленняў. Таксама ў парадзе прымуць удзел расійскія ваенныя — вайскоўцы 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі Узброеных сіл Расіі і бамбардзіроўшчыкі і знішчальнікі Су-34 і Су-30.

У складзе механізаванай калоны пройдзе тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама сучасная тэхніка, якая знаходзіцца на ўзбраенні беларускага войска, у паветраным эшалоне будзе задзейнічана 24 самалёты і 15 верталётаў. Пры гэтым сёлета адмовіліся ад спартовага моладзевага шэсця пасля ваеннага парада.

У цэнтры горада цягам дня пройдуць канцэрты, кірмашы, таксама культурна-забаўляльныя мерапрыемствы адбудуцца ва ўсіх раёнах сталіцы. У 21.00 на плошчы ля абеліска “Мінск — горад-герой” пачнецца гала-канцэрт. Ён будзе доўжыцца дзве гадзіны і завяршыцца традыцыйнай акцыяй “Праспяваем гімн разам”, пасля чаго адбудзецца святочны салют. Залпы салюта дадуць з шасці пунктаў: ля стэлы “Мінск — горад-герой”, у ваенным гарадку ва Уруччы, у раёне вадасховішча Дразды і аэрапорта Мінск-1, ля Чыжоўскіх могілак і каля Навінак. Цягам 10 хвілінаў дадуць 30 залпаў.

Рашэнне святкаваць Дзень Незалежнасці 3 ліпеня было прынятае падчас рэферэндума 1996 года. Да гэтага галоўнае дзяржаўнае свята адзначалася 27 ліпеня і было прымеркаванае да даты падпісання Вярхоўным Саветам БССР у 1990 годзе Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларускай савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Беларуская апазіцыя не прызнае афіцыйны Дзень Незалежнасці і лічыць, што суверэнітэт краіны пачаўся з абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года. Штогод у гэты дзень адзначаецца неафіцыйны Дзень Волі, нагадвае БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі