У Беларусі апублікавалі спіс відаў дзейнасці, якімі змогуць займацца ІП
Пералік устанавіў урад, "зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці"
У Беларусі апублікавалі спіс відаў дзейнасці, якімі змогуць займацца ІП і самазанятыя. Урадавая пастанова (№ 457 ад 28 чэрвеня) уключана ў Нацыянальны рэестр прававых актаў і неўзабаве будзе апублікаваная.
Для ІП дазволены раздробны гандаль (але не аптовы гандаль), грамадскае харчаванне, рамонт аўтамабіляў і матацыклаў, грузавыя і пасажырскія перавозкі, фота– і відэаздымка, вытворчасць кандытарскіх вырабаў, некаторыя будаўнічыя работы (сярод іх — электрамантажныя, ізаляцыйныя, сталярныя). У сельскай гаспадарцы ім будуць даступныя вырошчванне збожжа, гародніны і лесанарыхтоўка. Некаторыя віды дзейнасці, уключаныя ў пералік дазволеных, патрабуюць ліцэнзавання.
Рэгістрацыю ІП па відах дзейнасці, якія не ўвайшлі ў згаданы пералік, спыняць з 1 кастрычніка 2024-га. Прадпрымальнікі, якія вядуць дзейнасць па такіх відах, да канца 2025 года мусяць перарэгістравацца ў якасці юрыдычнай асобы.
Мінэканомікі склала спіс відаў дзейнасці для самазанятых — у ім 78 пазіцый.
Змены, прадугледжаныя законам па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці, закрануць 40 тысяч ІП у Беларусі, заявіў у траўні намеснік міністра эканомікі Уладзімір Наўмовіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.