У Беларусі на 4 гады калоніі асуджаны палітзняволены эколаг
Станіслаў Таспаеў
У Беларусі на 4 гады калоніі агульнага рэжыму і вялікі штраф (8 тысяч рублёў) асуджаны палітзняволены эколаг Станіслаў Таспаеў. Яго прызналі вінаватым у "дыскрэдытацыі Беларусі", а таксама ў "неаднаразовым парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў". Як паведамляюць праваабаронцы, справу разглядаў суд Мядзельскага раёна (суддзя — Аляксандр Шутко).
Як піша пракуратура, 48-гадовага Таспаева пакаралі "за адміністраванне YouTube-канала ("Инициатива Курорта Нарочь" быў прызнаны ў РБ "экстрэмісцкім") і распаўсюд заведама непраўдзівых звестак, якія дыскрэдытуюць краіну". Сілавікамі былі прааналізаваны відэаролікі з 2017-га да 2024 года. Таксама мужчыну прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за "несанкцыянаванае пікетаванне" тройчы за год (у траўні, чэрвені і ліпені 2024-га) — за публікацыі відэа з выявай сімволікі ў бел-чырвона-белых колерах.
У 2021 годзе Таспаеў ужо быў асуджаны да "хатняй хіміі" з палітычных матываў. Вядома, што ён мае інваліднасць. Раней у яго дыягнаставалі анкалогію, але апошнім часам у мужчыны была рэмісія.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.