У Беларусі нельга заключыць аднаполы шлюб, але можна памяняць пол
Актывіст міжнароднай амністыі ў Беларусі, праваабаронца Вячаслаў Бортнік аналізуе агляд ІЛГА-Еўропа адносна сітуацыі з сексуальнымі меншасцямі.
Еўрарадыё: Якое месца па сітуацыі з ЛГБТ займае Беларусь?
Вячаслаў Бортнік: На сённяшні дзень Беларусь у Еўропе займае адно з найгоршых месцаў. Зараз мы разам з Ліхтэнштэйнам падзяляем дзявятае-дзясятае месцы з канца. Але сітуацыя, напрыклад, у Малдове ці Расіі яшчэ горшая чым у нас.
Еўрарадыё: А хто і па якіх крытэрыях ацэньваў гэтую сітуацыю?
Вячаслаў Бортнік: Гэты агляд быў падрыхтаваны арганізацыяй ІЛГА-Еўропа, якая з’яўляецца аддзяленнем Міжнароднай асацыяцыі лесбіянак і геяў. Разглядаліся розныя пункты, такія як наяўнасць заканадаўства ў дачыненні да прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў, а таксама практыкі, якія маюць месца ў краіне.
Еўрарадыё: Ці кантактавалі стваральнікі агляду з прадстаўнікамі краін, у прыватнасці, з кімсьці з беларусаў?
Вячаслаў Бортнік: Ад кожнай краіны былі абраныя кантактныя асобы – праваабаронцы, актывісты. Ад Беларусі такую ролю адыгрываў я.
Еўрарадыё: Якімі дадзенымі вы дзяліліся для гэтага дакладу?
Вячаслаў Бортнік: Быў падрыхтаваны шэраг пытанняў, на якія трэба было адказаць. напрыклад, пыталіся, ці ёсць заканадаўства,якое абараняе правы сексуальных меншасцяў у Беларусі, ці могуць арганізацыі сексуальных меншасцяў праводзіць свае мерапрыемствы, ці могуць зарэгістравацца. Таксама пыталіся, якая сітуацыя ў дачыненні да асобаў, якія хацелі б змяніць пол.
Еўрарадыё: І валодаючы гэтай інфармацыяй, скажыце, чаму Беларусь займае адно з апошніх месцаў?
Вячаслаў Бортнік: У Беларусі не існуе наогул аніякага заканадаўства, якое абараняла б правы сексуальных меншасцяў. Няма ў нас і антыдыскрымінацыйнага заканадаўства. Фактычна, прадстаўнікі сексуальных меншасцяў не абароненыя – іх могуць звольніць з працы, збіць на вуліцы і ні ў каго не ўзнікне пытанняў. У Беларусі нельга заключыць аднаполыя шлюбы. Але ў СНД Беларусь з’яўляецца лідарам па правах людзей, якія хочуць змяніць пол. Напрыклад, у Беларусі можна змяніць пашпартны пол, нават не змяняючы фізіялагічнага полу. У Беларусі не патрэбная стэрылізацыя, калі ты хочаш змяніць фізіялагічны пол, што мае месца ў іншых краінах.
Еўрарадыё: Чым гэты даклад можа дапамагчы сітуацыі ў Беларусі?
Вячаслаў Бортнік: Я думаю, што гэты даклад можа дапамагчы праваабаронцам, якія могуць выкарыстоўваць яго пры правядзенні кампаній у абарону правоў сексуальных меншасцяў. Гаворка можа ісці не толькі пра арганізацыі сексуальных меншасцяў, а таксама і пра нацыянальныя праваабарончыя арганізацыі. Напрыклад, праз некалькі дзён беларускія праваабарончыя арганізацыі будуць адзначаць міжнародны дзень супрацьстаяння гамафобіі. Гэты даклад можа быць прадстаўлены ў медыя, каб людзі маглі даведацца пра становішча сексуальных меншасцяў у Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі.
Еўрарадыё: А як вы будзеце адзначаць Дзень супраць гамафобіі?
Вячаслаў Бортнік: У гэты дзень я знаходжуся ў Гомелі, але асноўныя мерапрыемствы запланаваныя ў Мінску. Яны не атрымалі падтрымкі з дзяржаўных установаў, але штосьці будзе адбывацца. У Гомелі мы будзем праводзіць вулічную акцыю, раздаваць паштоўкі і налепкі з інфармацыяй пра Міжнародны дзень супраць гамафобіі.