У Беларусі пачынаецца цэнтралізаванае тэставанне
У Беларусі пачынаецца цэнтралізаванае тэставанне. На 12 чэрвеня прызначаны экзамен па беларускай мове, на яго запісаліся амаль 25 тысяч чалавек. Пачатак у 11:00.
Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантроля ведаў Юрый Міксюк патлумачыў БЕЛТА зніжэнне на 3,5 тысячы, у параўнанні з мінулым годам, колькасці абітурыентаў, якія зарэгістраваліся на беларускую мову. Паводле яго слоў, прычына і ў агульным зніжэнні колькасці жадаючых здаць ЦТ, і ў тым, што абітурыенты мінулых гадоў упершыню могуць прадаставіць сертыфікаты 2017 года для паступлення ў ВНУ.
Сёлета нездавальняючымі адзнакамі па беларускай мове будуць лічыцца ад 0 да 9 балаў, а для спецыяльнасцяў філалагічнага профілю — ад 0 да 24.
На 14 чэрвеня прызначанае цэнтралізаванае тэставанне па рускай мове.