У Беларусі працягваюцца затрыманні, схапілі Славаміра Адамовіча
У Беларусі працягваюцца затрыманні актывістаў, якія патэнцыйна могуць арганізаваць несанкцыянаванае шэсце ў Мінску на Дзень Волі. Раней у сталіцы за краты трапілі Уладзімір Някляеў, Яўген Афнагель, Вячаслаў Сіўчык і шэраг іншых. Затрыманні напярэдадні праходзілі і ў рэгіёнах, працягваюцца яны і ў нядзелю. Як піша ў Facebook Алена Талстая, у Мар’інай Горцы схапілі паэта і грамадскага дзеяча, былога палітвязня Славаміра Адамовіча. Яго вывелі з электрычкі, на якой ён збіраўся ехаць у Мінск на святкаванне 100-годдзя абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці БНР, і павялі ў РАУС.
Як вядома, улады дазволілі ў Мінску толькі мітынг і канцэрт каля Опернага тэатру, пачатак — у 13:00. Дазволу на шэсце няма.