У Беларусі распачалі крымінальныя справы супраць публіцыста Сяргея Дубаўца

Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец / Euroradio

У РБ распачалі крымінальныя справы супраць публіцыста, літаратара, Вялікага майстра Вялікай ложы Беларусі Сяргея Дубаўца. Як паведамляе Генпракуратура, яму "інкрымінавана парушэнне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму, недапушчэнні рэабілітацыі нацызму і адмаўленні генацыду беларускага народа".

Сцвярджаецца, што Дубавец "ў сваіх публічных выказваннях, якія публікуюцца ў аўтарскім блогу, распаўсюдзіў загадзя ілжывыя і адкрыта дэструктыўныя звесткі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы яе грамадзян, чым дыскрэдытаваў Рэспубліку Беларусь, органы дзяржаўнай улады і кіравання". Таксама Генпракуратура лічыць, што ён "распальваў сацыяльную варожасць і варожасць па прыкмеце прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы" і навёў "паклёп" на Аляксандра Лукашэнку.

Сяргея Дубаўца падазраюць ва ўдзеле ў "экстрэмісцкім фарміраванні, а таксама фарміраванні, дзейнасць якога накіравана на рэабілітацыю нацызму". Сцвярджаецца, што ён "адмаўляў факт генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд", а таксама "здзейсніў наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму".

Генпракуратура накіравала крымінальныя справы (іх распачалі па 6 артыкулах КК) для папярэдняга расследавання ў Следчы камітэт.

Дубавец жыве за мяжой, з'яўляецца журналістам Радыё Свабода. Летась ён быў удзельнікам праграмы “Ідэя Х” на Еўрарадыё.

"На кожнае іншадумства адзін адказ — крымінальная справа і турма, каментуе заяву Генпракуратуры РБ Сяргей Дубавец. — Успрымаю гэта з пэўнай удзячнасцю, як яшчэ адно прызнанне рацыі адэкватных беларусаў, якіх мама вучыла правільным рэчам. Цяпер я цалкам пазбаўлены згрызотаў сумлення адносна таго, што мусіў выехаць з Беларусі. Што да цяжкасці майго "злачынства", дык яно прыблізна такое, як магніцік на лядоўні, прызнаны пікетам і забароненым масавым мерапрыемствам. У фармулёўках пракуратуры асабліва зацікавіла фраза пра "отрицал факт геноцида белорусского народа в... послевоенный период". Гэтага я не адмаўляў дакладна, але задумацца ёсць пра што".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі