“У Беларусі сёння велізарная колькасць людзей хоча ўсынавіць немаўля”

З пачатку года ў Беларусі адбылося тры выпадкі забойстваў наванароджаных.

Адзін выпадак адбыўся ў Полацку, дзе 31 траўня ў кантэйнеры для смецця знайшлі мёртвае немаўля. Яшчэ адно дзіця знайшлі ў смеццевых кантэйнерах у Баранавічах і ў студэнцкім інтэрнаце ў Мінску.

У шмат якіх краінах альтэрнатывай гэтым забойствам з’яўляюцца бэбі-боксы ці “Вокны жыцця”. Гэта адмысловыя месцы для таго, каб ананімна пакінуць дзіця. Выглядаюць яны, як вокны звонку будынкаў медыцынскіх устаноў. Каля іх няма ні відэакамер, ні аховы.

Бэбі-боксы працуюць у Аўстрыі, Бельгіі, Індыі, Японіі, Польшчы, Расіі, Чэхіі і ў Паўднёвай Афрыцы. Нават ёсць адно “акно жыцця” для немаўлят у Ватыкане. Яны ратуюць сотні жыццяў па ўсім свеце.

Цікава тое, што “вокны жыцця” ― абсалютна ананімнае месца. Напрыклад, супрацоўнікі медцэнтраў Германіі і Польшчы катэгарычна адмовіліся распавядаць пра колькасць пакінутых дзяцей, маўляў, ананімнасць ― перадусім!

У Беларусі пакуль не плануюць ствараць бэбі-боксы. У Міністэрстве аховы здароўя ўказваюць на тое, што ў нас не існуе неабходнай заканадаўчай базы, таму і падобнае пытанне не разглядаецца.

Ці патрэбныя ў Беларусі бэбі-боксы, для бацькоў, якія кідаюць сваіх дзяцей

У маці, якая па розных прычынах вырашыла адмовіцца ад нованароджанага дзіцяці ў Беларусі, ёсць адно легальнае выйсце ― яна мусіць яшчэ ў радзільні напісаць афіцыйную адмову. Яе пазбавяць бацькоўскіх правоў і абавяжуць 18 гадоў плаціць дзяржаве за ўтрыманне дзіцяці па 10 базавых велічыняў штомесяц (на сёння ― 1,8 млн.). Але калі яго нехта ўсынавіць ці ўдачарыць, маці, якая кінула немаўля, плаціць ужо не давядзецца.

Прадстаўніца Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення кажа, што ў пераважнай большасці выпадкаў, дзіця ўсынаўляюць яшчэ да таго, як маці пазбавяць правоў. Таму выплачваць ім нічога не даводзіцца.

“У нас сёння велізарная колькасць людзей жадае ўсынавіць немаўля. А ад іх адмаўляюцца вельмі мала. 15 год таму такіх было больш за 500 дзяцей, сёння мы 100 не можам налічыць ва ўсёй краіне за год. Калі яны ёсць, іх усынаўляюць імгненна. У нас людзі з гатовымі дакументамі гады чакаюць такое дзіця. Яму месяц не спаўняецца, а яго ўжо ўсынаўляюць”.

Юрыст адной з мінскіх радзільняў таксама кажа, што пасля ўвядзення прэзідэнцкага Дэкрэта №18 у 2006 годзе адмоваў стала вельмі мала:

“Да выхаду дэкрэта №18, які прымушае маці плаціць за ўтрыманне дзіцяці ў дзіцячым доме, адмоваў было вельмі шмат. А як выйшаў дэкрэт, былі такія гады, калі было 2-3 выпадкі. Апошнім часам іх у радзільні каля 10 за год”.

Спецыяліст таксама адзначае, што калі пакінуць нованароджанага ў радзільні і збегчы, жанчыну будзе чакаць крымінальная адказнасць. Часцей за ўсё такіх асобаў хутка знаходзяць.

У выпадку ж, калі ад дзіцяці адмаўляюцца афіцыйна, маецца магчымасць забраць яго назад на любым этапе юрыдычнай працэдуры пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Але толькі пакуль дзіця не ўсынавілі іншыя бацькі. Такая магчымасць ёсць яшчэ нават у судзе.

Згодна з крымінальным кодэксам, у выпадках, калі жанчына выкідвае нованароджанае дзіця на вуліцу і яно памірае, ёй пагражаюць тэрміны да 5 год пазбаўлення волі або ад 8 гадоў і да пажыццёвага зняволення.

Фота: crnews.ru, Intex-press, fsaof.blogspot.com, ourpmc.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі