У Беларусі ў пачатку лістапада чакаецца цёплае надвор'е

Як паведаміў БЕЛТА начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў, "у першы тыдзень лістапада чакаецца спакойнае, цёплае не па сезоне надвор'е". На яго паўплывае цёплае паветра, якое прыходзіць з паўднёвага-захаду Еўропы.

Да пятніцы, 7 лістапада, ападкаў практычна не будзе, кароткачасовыя дажджы магчымыя ў чацвер месцамі ў Брэсцкай вобласці. "Тэмпература паветра на працягу тыдня чакаецца на 3-5 градусаў вышэй за норму, а па паўднёвым захадзе — на 6-9", — падкрэсліў Дзмітрый Рабаў.

Як інфармуе партал tut.by, уначы ў аўторак, 4 лістапада, чакаецца ад мінус 3 да плюс 4 градусаў (у Гомельскай вобласці — да 6 марозу), удзень — 5-11 цяпла (у Брэсцкай вобласці — да +14). У сераду пацяплее: уначы ад 0 да 6 градусаў вышэй за нуль, удзень — 6-13 цяпла (у Брэсцкай вобласці — да 16 градусаў). У чацвер, 6 лістапада, у начныя гадзіны будзе 1-8 цяпла (на Гомельшчыне месцамі да 3 марозу, у дзённыя — 8-14 градусаў са знакам плюс (на Брэстчыне — да 16-ці).

У пятніцу надвор'е пагоршыцца — пачнуцца дажджы. Уначы чакаецца 2-9 цяпла, удзень — 6-13 градусаў вышэй за нуль (у Брэсцкай вобласці — да 16 цяпла). У суботу і нядзелю дажджы пройдуць толькі месцамі, начная тэмпература складзе ад 1 да 8 градусаў цяпла, дзённая — 5-11, на поўдні — да 14 градусаў вышэй за нуль.

Агулам сярэдняя месячная тэмпература ў лістападзе чакаецца на 1 градус вышэй за кліматычную норму.

Фота — Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі