У Беларусі выберуць музыкаў і мастакоў, якія прадставяць краіну ў Еўропе
А да нас прыедуць прадстаўнікі сучаснай культуры з Германіі, Швецыі, Партугаліі, Літвы і Эстоніі.
3 сакавіка ў Беларусі стартуе еўрапейская культурная кампанія "Адкрывай Беларусь – Адкрывай Еўропу". Чакаецца, што ў бліжэйшыя два гады сучасную культуру Беларусі і пяці еўрапейскіх краін прадставяць каля 70 музыкаў, мастакоў і фатографаў. Галоўная мэта кампаніі – развіццё супрацоўніцтва паміж арт-коламі Беларусі і Еўрасаюза.
Ініцыятарамі кампаніі з’яўляюцца 6 грамадскіх арганізацый еўрапейскіх краінаў, якія мелі досвед працы з Беларуссю і раней: эстонская Valgevene Uus Tee, шведская Culture Clinic, нямецкая культурніцкая арганізацыя Kultur Aktiv e.V., літоўская Belarus Watch і партугальская Oficina da Courela Associação.
З беларускага боку кампанію падтрымае грамадскае аб’яднанне "Ліберальны клуб".
Па словах дырэктара "Ліберальнага клуба" Аляксандра Апейкіна, кампанія "Адкрывай Беларусь – Адкрывай Еўропу" атрымала сваё развіццё пры падтрымцы Еўракамісіі, а яе арганізатары спадзяюцца і на падтрымку з боку Міністэрства культуры.
Аляксандр Апейкін: "Наша кампанія не падпольная, яна афіцыйная. І мы усяляк будзем шукаць адкрыты кантакт і супрацоўніцтва з Міністэрствам культуры".
Кіруючай арганізацыяй, якая будзе каардынаваць увесь гэты працэс, абрана эстонская Valgevene Uus Tee – "Новы шлях для Беларусі".
Кампанія "Адкрывай Беларусь – Адкрывай Еўропу" складаецца з двух этапаў – еўрапейскага і беларускага – і працягнецца 2 гады. За гэты час пройдуць выставы, візіты, канцэрты і канферэнцыі беларускіх дзеячаў культуры ў краінах Еўропы.
Падчас беларускага этапу прадстаўнікі еўрапейскіх культурніцкіх накірункаў будуць праводзіць свае мерапрыемствы ў нашай краіне.
Набор заявак на ўдзел у кампаніі пачнецца 3 сакавіка. Перавага будзе аддавацца сучасным накірункам мастацтва, перш за ўсё візуальнага і музычнага – да ўдзелу запрашаюцца мастакі, фатографы і музычныя калектывы.
Аляксандр Апейкін: "Тут ужо няма жорсткіх крытэраў, хутчэй за ўсё мы будзем кіравацца якасным ўзроўнем заяўкі. Гэта можа быць і фольк, і рок, і класічнае візуальнае мастацтва. Кожны канкрэтны выпадак мы будзем разглядаць асобна".
Адборам удзельнікаў зоймецца міжнароднае журы, якое будуць кансультаваць незалежныя эксперты ва ўсіх трох прадстаўленых галінах мастацтва. У журы уваходзяць члены ўсіх шасці арганізацый, якія задзейнічаныя ў праекце, а таксама аўтарытэтныя дзеячы культуры з кожнага боку.
Аляксандр Апейкін: "З беларускага боку гэта будзе Руся і яшчэ некалькі чалавек, якія будуць, умоўна кажучы, кансультаваць арганізатараў пры прыняцці рашэнняў. Канчатковае рашэнне будзе прымаць Савет членаў арганізацый".
Для ўдзелу ў кампаніі будзе абрана 70 удзельнікаў: 35 з беларускага боку і 35 з еўрапейскіх краінаў.
Аляксандр Апейкін: "Атрымліваецца, што палова ўсіх удзельнікаў будзе з Беларусі, таму што фокус праекта накіраваны на Беларусь. З 35 беларускіх удзельнікаў кампаніі будзе 5 музычных калектываў (гурт разлічваецца ў складзе прыкладна 5 чалавек), 5 мастакоў, 5 фатографаў".
Усяго запланавана 5 выступаў беларускіх удзельнікаў у Еўропе – паасобку ў кожнай краіне. Першыя выступы пачнуцца ўжо ў траўні, калі беларуская дэлегацыя наведае Партугалію.
Аляксандр Апейкін: "Гэта будзе візіт прыкладна ад 7 да 10 чалавек, у склад якіх будуць уваходзіць фатограф і мастак са сваімі выставамі, і музычны калектыў. Там будзе арганізаваны канцэрт і шэраг мерапрыемстваў па праблематыцы беларускай культуры".
Па гэтай жа схеме мерапрыемствы адбудуцца і ў астатніх еўрапейскіх краінах-удзельніцах праграмы. Акрамя гэтага беларусы прымуць удзел у фестывалях Be2gether, BeFree і Басовішча.
Беларускі этап кампаніі будзе праходзіць у 2012 годзе. Нашу краіну наведаюць еўрапейскія дэлегацыі са Швецыі, Германіі, Партугаліі, Літвы і Эстоніі. Напрыканцы кампаніі, у верасні-кастрычніку 2012 года, адбудзецца гала-канцэрт, для якога ўсе ўдзельнікі праекту збяруцца ў Мінску.
Калі вы хочаце стаць удзельнікам праекту, дашліце да 20 сакавіка заяўку на [email protected] У заяўцы раскажыце пра сябе, прыкладзіце да яе найлепшыя ўзоры сваёй творчасці, а таксама адкажыце на пытанне, чаму менавіта Вы лепш за ўсё падыходзіце для гэтага праекту.