У Беларусі за палітыку пераследуюць нават дзяцей — Amnesty International
Ланцуг салідарнасці ў Мінску / Еўрарадыё
Беларускія ўлады захапіліся прыгнётам іншадумства і ў выніку сталі абыходзіцца з дзецьмі цалкам непрымальным спосабам, заявіла старэйшы кіраўнік кампаній Amnesty International па Беларусі Аіша Джанг.
Яе заява прагучала на чарговым брыфінгу, які Amnesty International цяпер перыядычна праводзіць у рамках кампаніі #StandWithBelarus.
"Некаторыя дзеці апынуліся ў адвольным зняволенні і ім прад'яўленыя сфабрыкаваныя крымінальныя абвінавачванні — такія ж як і дарослым", — адзначыла Джанг.
Яна таксама нагадала аб практыцы, калі "дзецям ва ўзросце ад васьмі гадоў у школах пагражалі, што над іх палітычна актыўнымі бацькамі расправяцца". Такія паводзіны ўладаў — пагрозы або адабранне дзяцей з "палітычна нядобранадзейных" сямей — робіць дзяцей, па сутнасці, заложнікамі дзяржавы.
На брыфінгу, у прыватнасці, прагучала гісторыя 14-ці гадовага Алега (імя зменена), якога затрымалі ў Мінску 12 жніўня разам з іншымі дэманстрантамі. У кішэні ў яго знайшлі невялікую ўлётку з бел-чырвона-белым сцягам. У выніку ў сям'ю зачасцілі службы апекі.
"Гэта бесчалавечнае абыходжанне з дзецьмі з боку дзяржавы ў палітычных мэтах і непрыгожая кампанія запалохвання любога іншадумства павінны быць неадкладна спыненыя", — заявіла Аіша Джанг.
Такія факты не адзінкавыя. У канцы мінулага тыдня TUT.BY апублікаваў чарговую гісторыю пра сям'ю, якой зацікавіліся службы апекі. Бацьку аштрафавалі за бел-крана-белыя жалюзі, і тут жа ў каледжы і школе, дзе вучацца ягоныя дзеці, пачалася актыўная праца: старэйшае дзіця выклікалі на размову ў адміністрацыю каледжа, з малодшым пачалі працаваць псіхолагі.
У канцы студзеня Amnesty International запусціла глабальную кампанію салідарнасці з грамадзянамі Беларусі і супраць жорсткасці міліцыі. Старт акцыі даў даклад аб парушэннях правоў чалавека ў краіне пасля выбараў. Аўтары дакумента пісалі, у тым ліку, пра тое, што беларуская судовая сістэма не можа ўзяць сітуацыю пад кантроль, і што правасуддзе ў Беларусі "цяпер павінна ажыццяўляцца на міжнародным узроўні".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.