У Беларусі зафіксавалі тэмпературны рэкорд дня
У панядзелак у Гомелі было +32 / t.me/VAPrivalov/
У Беларусі зафіксавалі тэмпературны рэкорд дня. 28 жніўня ў Васілевічах (Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці) паветра прагрэлася да 33,6 градуса вышэй за нуль. Ранейшы максімум быў зарэгістраваны ў 2016 годзе ў Пінску (33,1), піша "Позірк" на падставе параўнальнага аналізу аператыўных і архіўных даных Белгідрамета.
Усяго ў панядзелак было 15 лакальных тэмпературных рэкордаў, у тым ліку ў двух абласных цэнтрах: у Гомелі на максімуме было 32,8 градуса (31,6 у 2016 годзе), Магілёве — 30,6 (30,2 у 1968-м). У тройку самых гарачых месцаў акрамя Васілевічаў увайшлі яшчэ два райцэнтры Гомельскай вобласці — Брагін (33,5 супраць 33 у 2016-м) і Жлобін (33,5 супраць 31,2 у тым жа 2016 годзе).
Рэкорды зафіксаваныя таксама ў Лельчыцах — 32,9 (29,5 у 1992 годзе), Бабруйску — 31,3 (30,8 у 2015-м), Клічаве — 31,1 (30,1 у 2015-м), Барысаве — 30,9 (30,2 у 1968-м), Мар'інай Горцы — 30,8 (30,3 у 2022-м), Касцюковічах — 29,7 (28,7 у 2016-м), Бярэзінскім запаведніку — 29,3 (28,3 у 2015-м), Лепелі — 29,2 (29,1 у 1968-м), Полацку — 29 (28,9 у 2022-м) і Мсціславе — 27,6 (27,3 у 2015-м).
У аўторак спёка ў Беларусі захаваецца. Чакаецца, што яна пачне адступаць у чацвер.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.