У Беларусі зніжаецца колькасць новых захворванняў на ВІЧ
У Беларусі зніжаецца колькасць новых выяўленых выпадкаў ВІЧ. За студзень-жнівень іх зарэгістравалі 1419 і гэта на 9% меней у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведамляе Рэспубліканскі цэнтн гігіены і эпідэміялогіі.
Болей за ўсё новых выпадкаў ВІЧ выявілі ў Гомельскай вобласці — 417 чалавек, а меней за ўсё ў Гродзенскай вобласці — 74. У Мінску гэты паказнік роўны 365, у Мінскай вобласці — 257, у Магілёўскай вобласці — 143, у Віцебскай — 75.
Пераважная большасць новых носьбітаў вірусу прыпадае на ўзроставую групу 15-49 гадоў (82,5%). Сярод іх часцей за ўсё ВІЧ-інфекцыю знаходзяць у людзей ва ўзросце 30-39 гадоў (39,7%). Мужчыны атрымліваюць вірус часцей — іх 62,2% новых носьбітаў.
Найбольш часты шлях перадачы інфекцыі — сэксуальны кантакт (81%).
На 1 верасня ў Беларусі жывуць 21 922 чалавека з ВІЧ-пазітыўным статусам. Болей за ўсё іх у Мінску — 4 862 чалавекі.