У Беларусі з’явіцца студэнцкая міні-рэспубліка

А ў перспектыве і ўніверсітэцкія парламенты. Еўрарадыё даведалася, якія цікавыя праекты прапаноўваюць моладзевыя арганізацыі.
50 маладзёнаў паўдзельнічаюць у віртуальнай гульні "Студэнцкая рэспубліка", якая пройдзе 23-25 ліпеня пад Мінскам. Кожны з удзельнікаў можа паспець пабыць у ролі чыноўніка, кандыдата ў дэпутаты альбо міліцыянта, распавёў Еўрарадыё Міхась Матусевіч, актывіст арганізацыі "Студэнцкай Рады", якая арганізуе фэст.

Міхась Матусевіч: "Заяўкі на фэст трэба падаваць ужо зараз [апошні тэрмін – 20 ліпеня, падрабязней на сайце арганізацыі]. Ён складаецца з некалькіх пад-фэстаў – на іх можна пабыць у розных ролях – бізнесмена, грамадскага дзеяча, журналіста, палітыка. Гэта будзе сапраўдная міні-дзяржава на тры дні, дзе ўсім кіраваць будзе моладзь".

"Студэнцкая Рада" – моладзевая прафсаюзная група ў Рэспубліканскім прафсаюзе працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), якая дзейнічае з 2008 года. Мэта арганізацыі – забяспечыць эфектыўную абарону правоў студэнтаў у сталіцы. Мажліва, у перспектыве арганізацыя створыць студэнцкі прафсаюз альбо праваабарончую арганізацыю.

Студрада ладзіць адукацыйныя мерапрыемствы па правах чалавека і студэнтаў, на якіх за два гады існавання арганізацыі пабылі студэнты з усіх ВНУ Мінска, кажа Міхась.

Міхась Матусевіч: "Звычайна моладзь пра падобныя мерапрыемствы даведваецца праз інтэрнэт, а таксама праз знаёмых. А неўзабаве будуць апрацаваныя вынікі даследавання па самай студэнцкай ВНУ Мінска. Яно будзе прадстаўляць сабой рэйтынг мінскіх універсітэтаў па пэўных крытэрах, прычым на падставе апытання саміх студэнтаў. Мы спадзяемся, што гэтае даследаванне дапаможа абітурыенту больш эфектыўна абраць сабе ўніверсітэт".

У 2008 годзе актывісты Студрады правялі даследаванне парушэнняў правоў студэнтаў, апытаўшы каля 650 навучэнцаў мінскіх ВНУ. У выніку была апублікаваная спецыяльная брашура па правах студэнтаў, якую можна запампаваць на сайце Студрады.



Лога "Студрады"

Яшчэ адна моладзевая арганізацыя "Грамадзянскі Форум" прапануе студэнтам бясплатна атрымаць лідарскія навыкі і развіць у беларускіх ВНУ ідэю студэнцкага самакіравання. Праз ролевыя гульні і ўдзел у віртуальных студэнцкіх парламентах моладзь магла б атрымаць каштоўны псеўдапалітычны вопыт, кажа старшыня арганізацыі Сяргей Варанкевіч.

Сяргей Варанкевіч: "Мы шукаем моладзь, гатовую ўзяцца за гэту ідэю ў сваіх універсітэтах. Мы не маем намеру пасля неяк уплываць на органы самакіравання. Нашая мэта – прадставіць ахвочым студэнтам пачатковую інфармацыю, паказаць, што можна зрабіць з на першы погляд нецікавых органаў. Мы супрацоўнічаем з чэшскімі і нямецкімі арганізацыямі, іх актывісты прыязджаюць да нас дзяліцца сваім вопытам, даць эмацыйны зарад моладзі, на сваіх прыкладах паказаць, што можна зрабіць ва ўніверсітэтах".

Два іншыя кірункі дзейнасці "Грамадзянскага Форума" – падтрымка грамадзянскай актыўнасці моладзі (напрыклад, тых, хто ўдзельнічае ў мясцовых выбарах), а таксама – нефармальная адукацыя. Так, актывісты арганізацыі ладзяць бясплатныя адукацыйныя кружкі па інтэрнэт-бяспецы.

Сяргей Варанкевіч: "Мы дапамагаем абараніць сваё права на прыватнасць перапіскі, навучыць не быць суб'ектамі загада аб рэгуляванні інтэрнэта. Мы вучым, як можна процістаяць фіксаванню інфармацыі, якія сайты ты наведваеш, паказваем, як працуюць ананімайзеры, сетка Tor і інш".

"Грамадзянскі Форум" таксама стаяў ля вытокаў распрацоўкі закона аб альтэрнатыўнай службе, кажа Сяргей Варанкевіч. Праект быў распрацаваны яшчэ ў 2001 годзе, і на працягу трох гадоў актывісты збіралі подпісы ў яго падтрымку. Але ў 2004 годзе парламент законапраект адхіліў. 

Затое цяпер маецца рэальная магчымасць давесці справу да канца – увосень парламент будзе разглядаць праект закона. Свае рэкамендацыі да яго моладзевыя арганізацыі прадставілі 7 ліпеня. У працоўнай групе з 6 чалавек з розных моладзевых арганізацый два прадстаўлялі "Грамадзянскі Форум".



Актывісты "Грамадзянскага Форума"

У распрацоўцы рэкамендацый да закона аб альтэрнатыўнай службе ўдзельнічаў і прадстаўнік "Руху Будучыні" Вячаслаў Дзіянаў. Гэтая арганізацыя імкнецца займаць сярэднюю пазіцыю паміж выразна апазіцыйнымі і прадзяржаўнымі моладзевымі арганізацыямі, кажа Вячаслаў.

"Рух Будучыні" нарадзіўся ў інтэрнэце – пару год таму ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" была зарэгістраваная суполка, колькасць людзей якой хутка павялічвалася. Калі год таму да суполкі далучыліся больш за 80 тысяч людзей, то сустрэчы перараслі ў рэальнасць.

Вячаслаў Дзіянаў: "Там збіраліся розныя людзі з рознымі поглядамі, пазіцыямі, дыспутавалі, размаўлялі. І на базе гэтых дыспутаў і плюралізму нарадзілася ідэя нешта арганізоўваць у жыцці. Вынікамі сустрэч стала пэўная ідэя, і пастаўленая задача зарэгістравацца".



Актывісты "Руху Будучыні" падчас акцыі за змяншэнне кошту шэнгенскай візы для беларусаў.

Большасць актывістаў "Руху Будучыні" – маладыя людзі, якія імкнуцца рэагаваць на актуальныя падзеі ў краіне. Арганізацыя паўдзельнічала ў пратэсце супраць загаду аб рэгуляванні інтэрнэту, правяла шэраг дабрачынных акцый, зладзіла моладзевыя вулічныя гульні, а таксама правяла акцыю "Пешаход" разам з ДАІ. Віртуальная дзейнасць таксама працягваецца – на сёння суполка ў інтэрнэце мае ўжо больш за 220 тысяч сяброў.

Глядзі таксама: 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі