У беларускіх штангістаў могуць забраць два алімпійскія медалі Пекіна-2008

У беларускіх штангістаў могуць забраць  два алімпійскія медалі Пекіна-2008

У беларускіх штангістаў могуць забраць два медалі Алімпіяды-2008 у Пекіне. Міжнародная федэрацыя цяжкой атлетыкі апублікавала вынікі пераправерак чарговай партыі допінг-пробаў з тых Гульняў і цяпер у спісе парушальнікаў апынуліся трое беларускіх штангістаў, двое з якіх маюць узнагароды.

Станоўчы вынік далі пробы сярэбранага прызёра Гульняў-2008 у катэгорыі да 85 кг, двухразовага чэмпіёна свету Андрэя Рыбакова, якому належыць сусветны рэкорд у двубор’і (394 кг). Таксама ў чорным спісе Анастасія Новікава (бронза ў катэгорыі да 53 кг) і Ірына Кулеша (4-е месца ў катэгорыі да 75 кг).

У Рыбакова і Новікавай знайшлі дэгідрахлорметылтэстастэрон (турынабол) і станазалол, у Кулешы — дэгідрахлорметылтэстастэрон (турынабол).

Апроч беларусаў, без медалёў могуць застацца 3 прадстаўніцы Кітая, якія заваявалі на тых Гульнях золата, 4 спартсмены з Казахстана (дзве — медалісткі), 2 расіян (адзін — бронзавы прызёр), 2 спартсменкі з Украіны (бронза і серабро), а таксама адзін цяжкаатлет з Азербайджана.

У Анастасіі Новікавай выявілі ўжо трэцюю станоўчую допінг-пробу ў кар’еры, а ў Анастасіі Кулешы — другую.

У канцы ліпеня былі апублікаваныя вынікі пераправеркі пробаў Пекіна-2008, пасля чаго стала вядома, што медалі могуць забраць у беларускіх лёгкаатлетак Аксаны Мяньковай (кіданнге молата) і Наталлі Міхневіч (штурханне ядра). Раней бронзу тых Гульняў забралі ў беларускага штурхальніка ядра Андрэя Міхневіча.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі