У "Белтэлекама" заканчваецца "бязвоблачнае жыццё"?

Указ "Аб выкарыстанні дзяржорганамі тэлекамунікацыйных тэхналогій" нарабіў шуму, калі шмат хто пабачыў там права праслухоўваць трафік. Еўрарадыё разабралася, што мяняецца для карыстальнікаў.

"Нічога рэвалюцыйнага няма. Указ паўтарае тое, што было прапісана раней", — кажа заснавальнік tut.by Юрый Зісер.

Права “Нацыянальнага цэнтра абмену трафікам” на стварэнне другога знешняга шлюза і будаўніцтва транзітнай магістралі сувязі было прапісанае яшчэ ў прэзідэнцкім Указе № 515 ад 2010 года.

Юрый Зісер: "Гэта ўнутрыведамасная барацьба. Справа ідзе да адмены манаполіі Белтэлекама на знешні шлюз дэ-факта. Дэ-юрэ манаполія скасаваная яшчэ Указам №60 і №515".

На практыцы манаполію на знешні шлюз аказалася не так проста адмяніць. Магчыма, таму выйшаў новы ўказ, дзе на першы план выходзяць СТАА “Беларускія воблачныя тэхналогіі” (БВТ). Нацыянальны цэнтр абмену трафікам сыходзіць на другі план, магчыма, таму што з задачай ліквідацыі манаполіі не можа справіцца ўжо некалькі гадоў.

Паводле ўказа ўсе дзяржарганізацыі і прадпрыемствы да 2014 года перавядуць на воблачны хостынг БВТ. Па сутнасці, камерцыйная структура атрымлівае сур’ёзныя прывілеі, якіх не маюць прыватныя правайдары.

Таксама БВТ робіцца заказчыкам будаўніцтва адзінай рэспубліканскай сеткі перадачы дадзеных.

У той жа час ствараецца Рэспубліканскі засвядчальны цэнтр, які будзе выдаваць электронныя лічбавыя подпісы.

"Да лета Інфармацыйна-выдавецкі цэнтр па падатках і зборах мусіць перадаць свой электронны лічбавы подпіс Рэспубліканскаму засвядчальнаму цэнтру. Цяпер у кожнага ведамства свой", — адзначае Юрый Зісер.

Стварэнне засвядчальнага цэнтра дае магчымасць для працы дзяржаўных электронных паслуг. Пра гэта ў інтэрв'ю Еўрарадыё казаў дырэктар Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Нацыянальны цэнтр электронных паслуг" Андрэй Ільін.

"Стварэнне дзяржаўнай сістэмы кіравання адкрытымі ключамі электроннага лічбавага подпісу будзе завершана хуткім часам. Я спадзяюся, ужо сёлета сітуацыя дазволіць нам абвясціць пра пачатак функцыянавання каранёвага засвядчальнага цэнтра. А ў наступным годзе з'явіцца механізм ідэнтыфікацыі, які можна будзе выкарыстоўваць і для фізасоб".

Шмат у чым новы Указ №46 удакладняе Указ № 515, падпісаны яшчэ ў 2010 годзе. Напрыклад, "ажыццяўленне тэхнічнага кантролю за пропускам міжнароднага трафіка і далучэннем да сетак электрасувязі замежных дзяржаваў", што напужала ўсіх, было прапісана ва Указе №515. У новым указе толькі ўдакладнілі паняцце "міжнародны трафік" і ўключылі ў яго... тэлефонную сувязь:

"Пад пропускам міжнароднага трафіка маецца на ўвазе дзейнасць, накіраваная на перадачу паведамленняў электрасувязі (разам з тэлефоннымі выклікамі, тэлеграфнымі паведамленнямі, службовымі і інфармацыйнымі паведамленнямі, сеткавымі пакетамі сетак перадачы дадзеных без абмежаванняў па выкарыстаных карыстальніцкіх, транспартных і сеткавых пратаколах) паміж сеткамі электрасувязі Рэспублікі Беларусь і сеткамі электрасувязі замежных дзяржаў, а таксама паміж сеткамі электрасувязі замежных дзяржаў, калі перадача паведамленняў электрасувязі з адной замежнай дзяржавы ў іншую ажыццяўляецца праз сеткі электрасувязі, размешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь".

Праслухоўваць трафік могуць і без указа прэзідэнта, а доступ да перапіскі і тэлефонных размоваў дае закон "Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі