У Брэсце пракуратура вынесла папярэджанне грамадскаму актывісту
Падставай для гэтага сталі матэрыялы на сайце ў інтэрнэце.
Грамадскага актывіста Аляксандра Храпко папярэдзілі аб недапушчальнасці дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Пасля наведвання 13 лістапада пракуратуры Брэсцкай вобласці, малады чалавек паведаміў Еўрарадыё, што атрымаў папярэджанне за дзейнасць у шэрагах незарэгістраванай партыі БХД.
Сябрам аргкамітэта "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі" праваахоўнікі яго прызналі паводле некалькіх публікацый, размешчаных на сайце арганізацыі. Аляксандр Храпко з такім рашэннем не згодны, бо ў артыкулах, дзе фігуравала яго імя і прозвішча, размова ішла пра кампанію "Народны кантроль".
Храпко: "Кампанія "Народны кантроль" не мае непасрэднага дачынення да партыі, але яны неяк змаглі гэта звязаць. "Народны кантроль" — гэта кампанія, дзе праводзіўся збор подпісаў. Гэта — народная ініцыятыва, што не забаронена заканадаўствам".
Папярэджанне малады чалавек лічыць незаконным і збіраецца яго абскардзіць.
Фота — Fotolia