У Брэсце затрымалі паўсотні ўдзельнікаў планаванай сустрэчы "ПВК Родан"
Падлеткі з "ПВК Родан" / mnews.world
1 сакавіка ў Брэсце міліцыя затрымала 52 чалавек, якія ішлі на запланаваныя сустрэчы "ПВК Родан". У міліцэйскіх паведамленнях гэта называецца "спробай правядзення масавай акцыі з удзелам непаўналетніх".
"Сёння ў Брэсце па закліках, апублікаваных у сацыяльных сетках і месенджарах, паблізу буйных гандлёвых цэнтраў сабраліся прыхільнікі так званага "ПВК Родан". Супрацоўнікі міліцыі аператыўна адрэагавалі на спробу правядзення незаконнага масавага мерапрыемства. Без прымянення фізічнай сілы ў органы ўнутраных спраў даставілі 52 чалавекі, 41 з якіх — непаўналетнія", — паведамляе міліцэйская прэс-служба.
Падлеткаў, якім яшчэ не споўнілася 16 гадоў, паставяць на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх. Тых, каму 16 ужо ёсць, прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. Таксама міліцыя высвятляе арганізатараў масавай акцыі.
Як распавядала Еўрарадыё, 28 лютага ў Гомелі міліцыя затрымала каля 200 чалавек, якія збіраліся на сустрэчу "ПВК Родан". Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за "арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.