У дамове вада чыстая, у кранах — іржавая: жыхары Камянецкага раёна vs ЖКГ
Вада дрэннай якасці па новых тарыфах — як вам такое? / Еўрарадыё
У вёсцы Амелянец Камянецкага раёна з кранаў цячэ ржавая вада. Мясцовыя ўлады афіцыйна прызнаюць праблему. Але развязваць яе не спяшаюцца.
У красавіку жыхар Амелянца Павел звярнуўся ў Камянецкую ЖКГ з просьбай правесці аналіз вады ў пасёлку. Прыйшоў адказ: вада не адпавядае патрабаванням па паказчыках "жалеза" і "мутнасць".
— Яны прыехалі, узялі пробы вады, зрабілі аналіз — і вось. Ды там відавочна было, што вада не адпавядае. Сырой яе піць даўно не адважваемся, — расказвае Еўрарадыё Павел.
Ён лічыць, што вада прыходзіць у непрыдатнасць праз водаправод. Да 2020 года ён стаяў на балансе ў мясцовага калгаса. Ніякіх ачышчальных установак там не было, як і лічыльнікаў: калгас дзяліў аб'ём выкарыстанай вады на ўсіх — выходзіла нешта каля трох рублёў у месяц.
Але цяпер паслугі па водазабеспячэнні аказвае Камянецкая ЖКГ.
— Спецыялісты з ЖКГ заключылі дамовы з усімі жыхарамі, у якіх ёсць водаправод. У дамове яны абавязваюцца ў тым ліку забяспечыць якасць пітной вады, а мы абавязваемся плаціць згодна з новымі тарыфамі. Яны яшчэ рэкамендуюць паставіць намі лічыльнікі. І атрымліваецца, што цяпер давядзецца плаціць па новых тарыфах, а вада — старой якасці. Таму і напісалі зварот, каб зрабілі аналіз вады і потым неяк пачалі вырашаць пытанне з аплатай. Як можна плаціць за ваду, якасць якой яны не забяспечылі? — злуецца Павел.
Выйсце ёсць — паставіць у вёску тыпавую станцыю па абезжалезванні вады. Для гэтых мэт цалкам магла б падысці ўстаноўка беларускага вытворцы — "сотка" або "саракоўка", якая крыху меншая. Колькі гэта будзе каштаваць?
— На ўмовах самавывазу, без пусканаладачных работ ФТТ МБС "сотка" будзе каштаваць 32 324 долары, а "саракоўка" — 29 159 долараў, — адказваюць Еўрарадыё на заводзе-вытворцы станцый ААТ "Завод ПАК".
Ці гатовыя ўлады Камянецкага раёна раскашэліцца на такую суму?
— Спачатку трэба разабрацца — ці патрэбна станцыя абезжалезвання? Можа, гэта трубы дрэнныя, — адказвае старшыня Камянецкага райвыканкама Валянцін Зайчук. — У іншай вёсцы таксама казалі, што патрэбная станцыя. Разабраліся — аказалася, трубы старыя. Памянялі трубы — і вада стала добрая. А так станцыя з праектамі і з усім-усім каштуе каля 80 тысяч долараў, калі не больш.
Аднак у адказе на зварот Паўла дырэктар Камянецкай ЖКГ Павел Заграй выразна напісаў, што "якасць пітной вады ў гэтым населеным пункце магчыма палепшыць толькі з дапамогай будаўніцтва станцыі абезжалезвання".
— Калі быў калгас, то вада ўсіх чамусьці задавальняла, — здзіўляецца старшыня райвыканкама. Але Павел з ім не згодны:
— Цярпелі гэту ваду, таму што плацілі за яе мала. Якасць яе, натуральна, таксама нікога не задавальняла. Напрыклад, у нас раней дом быў без выгод, а нядаўна паставілі прыбіральню, душавую. І ўся сантэхніка цяпер пастаянна брудная, трэба пастаянна сродкам ачышчальным паліваць, каб гэту ржу ад'ела.
— Фільтры трэба. Можа, ён фільтры не ставіў? — адказвае на пытанне пра ржу Валянцін Зайчук. — Кожны пра сябе павінен думаць. Я ж не прадумаю пра ўсіх так за адзін раз. Ёсць значна горшыя сітуацыі. Таму спачатку робім там, дзе сітуацыя горшая і дзе больш водаспажыўцоў. Усё за адзін раз не зробіцца.
Але цяпер жа і тарыфы ў вёсцы іншыя, і новая дамова — а вада ўсё тая самая засталася. Як наогул можна заключыць дамову з насельніцтвам на пастаўку бруднай вады?
— Калі не задавальняе — хай не карыстаюцца. Свідравіну няхай б'юць, як робяць тыя людзі, якіх не задавальняе, — адказвае Зайчук.
Такі так, заключэнне дамовы з Камянецкай ЖКГ — справа добраахвотная.
Дарэчы, у сакавіку 2021 года ў Каменцы ўсталявалі помнік грэцкаму арэху. Ён абышоўся гораду дзесьці ў 12 тысяч рублёў. Можа, лепш было б гэтыя грошы выдаткаваць на больш хуткае забеспячэнне Амелянца чыстай пітной вадой?
— Дык гэта ж спонсары падарылі. Людзі, якія неабыякавыя да горада, якія тут нарадзіліся. Бюджэтных грошай там не было, — супакойвае нас Валянцін Зайчук. Аднак дзяржагенцтва БЕЛТА ў сакавіку пісала, што "суму для падарунка гораду сабралі прадпрыемствы-спонсары, грошы, якіх не ставала, даплаціў раённы бюджэт".
Спрабуем высветліць у Валянціна Зайчука: калі ўсё ж спатрэбіцца станцыя абезжалезвання — фінансаванне на яе будзе?
— Калі трэба — значыць, будзе фінансаванне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.