У дэпутаты ідзе 22-гадовы берасцеец Уладзіслаў Сыса: на выбарах будзе горача!

У дэпутаты ідзе 22-гадовы берасцеец Уладзіслаў Сыса: на выбарах будзе горача!

17 лістапада ў Беларусі пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў. Мы пакуль не ведаем усіх удзельнікаў гонкі: мясцовыя выканкамы яшчэ працягваюць рэгістраваць ініцыятыўныя групы. Але сярод “кандыдатаў у кандыдаты” ўжо ёсць асобы, якія звяртаюць на сябе ўвагу.

22-гадовы студэнт Варшаўскага ўніверсітэта Уладзіслаў Сыса — адзін з такіх. Яго ініцыятыўная група зарэгістраваная па Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 3. Еўрарадыё распытала хлопца, навошта яму дэпутацтва, што яго незадавальняе ў краіне і што ён збіраецца зрабіць найперш, калі атрымае перамогу.

Тысячу подпісаў плануе сабраць адзін

Еўрарадыё: Навошта вам увогуле гэтыя выбары?

Уладзіслаў Сыса: Мне не падабаецца становішча ў краіне. Склалася абстаноўка, пры якой моладзі няма месца ў Беларусі. Маладых людзей проста выжываюць. І пакуль не дайшло да краю, каб мне не давялося з’язджаць, я вырашыў пайсці ў дэпутаты, каб нешта змяніць. Што праўда, я нават збор подпісаў яшчэ не пачаў. Я афіцыйна зарэгістраваны кандыдатам, стварыў ініцыятыўную групу [насамрэч рэгістрацыя кандыдатаў адбываецца з 8 па 17 кастрычніка, а пакуль што Уладзіслаў Сыса толькі “кандыдат у кандыдаты”. — Еўрарадыё]. Будзем арыентавацца і глядзець, ці варта мне ісці далей. Паглядзім, ці варта мне “гандляваць тварам” і ідэямі.

Еўрарадыё: Сумняваецеся, што збераце тысячу подпісаў?

Уладзіслаў Сыса: Так, я сумняюся… Не, у сабе я ўпэўнены. Але мне можа не хапіць часу, каб сабраць тысячу подпісаў. Пакуль што ёсць толькі я. Ініцыятыўная група, так бы мовіць, толькі намінальная. Прыхільнікаў мне трэба яшчэ знайсці. Пакуль толькі сваімі сіламі буду, а далей паглядзім.

У дэпутаты ідзе 22-гадовы берасцеец Уладзіслаў Сыса: на выбарах будзе горача!

Еўрарадыё: Колькі чалавек у вашай ініцыятыўнай групе?

Уладзіслаў Сыса: 13 чалавек, але фармальна. Сябе прадстаўляць буду толькі я. У каманду я запісаў сваякоў і сяброў, але яны апалітычныя, таму не дапамогуць. Паглядзім, як будуць збірацца подпісы.

Усталяваў сметніцу і баскетбольнае кольца

Еўрарадыё: Уладзіслаў, вы працуеце ці вучыцеся?

Уладзіслаў Сыса: Я студэнт. Скончыў факультэт паліталогіі ў Любліне. Цяпер працягваю адукацыю на факультэце міжнародных адносін і паліталогіі ў Варшаве. Пакуль не атрымалася сябе праявіць на палітычнай і сацыяльнай арэне. Толькі ў сваім раёне паспрыяў усталяванню сметніцы і баскетбольнага кольца. Звярнуў увагу ўладаў на тое, што іх не хапае.  

Еўрарадыё: Чаму не захацелі вучыцца ў Беларусі?

Уладзіслаў Сыса: У мяне ёсць карта паляка. Польскі ўрад мне ўсё даў на сподачку і бясплатна. Якасць адукацыі ў Польшчы лепшая, чым у нас. Так што ўсё было вырашана за мяне.

Еўрарадыё: Але можна было застацца на радзіме.

Уладзіслаў Сыса: Абраўшы польскую адукацыю, я выйграў больш. Там [у Польшчы. — Еўрарадыё] няма цэнзуры ў адукацыі, я жыву ў еўрапейскім грамадстве.

Летам я пастаянна знаходжуся ў Беларусі, а астатні час у Польшчы. Цяпер усё залежыць ад таго, як пойдзе з выбарамі: калі мяне зарэгіструюць, дык давядзецца прапусціць вучобу. 

Перш за ўсё — уступленне ў Еўрасаюз

Еўрарадыё: Якая ў вас палітычная праграма?

Уладзіслаў Сыса: Перш за ўсё — уступленне ў Еўрасаюз. Я лічу, што Беларусь з’яўляецца часткай больш развітой заходняй цывілізацыі, чым усходняй. Краіне трэба пераарыентавацца, глядзець і імкнуцца на Захад.

У дэпутаты ідзе 22-гадовы берасцеец Уладзіслаў Сыса: на выбарах будзе горача!

Другое пытанне — увядзенне выбарнасці губернатараў, мэраў, старшынь вёсак і пасёлкаў. Адмена вынікаў рэферэндуму 1996 года. Каб закон працаваў так, як напісаны. Каб людзі маглі цывілізавана крытыкаваць уладу, каб мітынгі праходзілі без арыштаў і штрафаў.

І трэці глабальны пункт — ваенныя і праваахоўныя рэформы. Знізіць колькасць войска і міліцыі на 40-50%. Грошы ад скарачэння перакінуць на ахову здароўя і адукацыю. І вядома, адмяніць абсурдны і антынародны “закон аб адтэрміноўках”. Замест абавязковай увесці кантрактную службу.

Еўрарадыё: Вы ўпэўнены, што жыхары Брэста хочуць у Еўрасаюз? 

Уладзіслаў Сыса: Мне здаецца, яны хочуць, але яшчэ не ведаюць гэтага. Трэба растлумачыць, бо мая праграма гэта прагрэс. Крок да цывілізацыі. Мая галоўная задача — праінфармаваць людзей. Людзям трэба паказаць пункт гледжання, які адрозніваецца ад нашых афіцыйных СМІ.  

Еўрарадыё: Мы заўважылі ў вашых сацыяльных сетках шмат фота з Расіі.

Уладзіслаў Сыса: Мне падабаецца Масква, прыгожы і арыгінальны горад. Як турысту там нармальна, але палітыка Расіі… Не такая, як расказваюць па НТВ. Я не хачу, каб Беларусь ішла следам за такой краінай. Дакладней, за ўрадам такой краіны. 

Ніякіх паўмер

Еўрарадыё: А што трэба змяніць у вашай акрузе?

Уладзіслаў Сыса: Ведаеце, я пра менш глабальныя рэчы не задумваюся, таму што калі рабіць вялікія справы, дык дробныя самі сабой вырашацца. У асноўным гэта інфраструктурныя змены. Можна пабудаваць добрую дарогу і дзіцячы садок, але ў асноўным сітуацыя не зменіцца. У дарослых не будзе годнай работы і заробку, перспектыў і гэтак далей.

Я лічу, што трэба меркаваць глабальна! Ніякіх паўмер. А толькі рэальныя, глыбокія і сістэмныя рэформы. 

У дэпутаты ідзе 22-гадовы берасцеец Уладзіслаў Сыса: на выбарах будзе горача!

Еўрарадыё: У выпадку абрання дэпутатам якім будзе ваш першы крок? 

Уладзіслаў Сыса: Буду выкарыстоўвацць свае дэпутацкія магчымасці, каб атрымаць доступ да СМІ. Пачну фарміраваць незалежную камісію, еўрагрупу, каб адразу паехаць у Брусель. Будзем дамаўляцца, што менавіта нам трэба зрабіць, каб увайсці ў Еўрасаюз. Каб нам дапамаглі стварыць спіс недахопаў і мы пачалі іх выпраўляць. Будзем ствараць рэспубліканскія і рэгіянальныя форумы для бізнесменаў і інвестыцый. Гэта самы важны момант.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі